У Польшчы знайшлі буйное радовішча нафты і газу
- 21.07.2025, 19:38
Адно з самых вялікіх у Еўропе.
У Польшчы зрабілі значнае адкрыццё - у Балтыйскім моры, недалёка ад горада Свінауйсце, знайшлі вялікае радовішча нафты і прыроднага газу. Пра гэта абвясціла кампанія Central European Petroleum (CEP), паведамляе тэлеканал TVP3. Як сцвярджаецца, гэта найбуйнейшае традыцыйнае радовішча нафты, калі-небудзь знойдзенае ў Польшчы, а акрамя таго, яно адно з самых вялікіх у Еўропе.
Адкрыццё было зроблена падчас свідравання Wolin East 1. Паводле ацэнак кампаніі, у гэтым месцы знаходзіцца амаль 5 млрд. кубаметраў газу і 22 млн. тон нафты. І гэта нібыта толькі частка — уся ліцэнзійная тэрыторыя "Волін" можа мець да 27 млрд. кубаметраў газу і 33 млн. тонаў нафты.
Кампанія сцвярджае, што гэтае адкрыццё можа істотна павысіць энэргетычную бяспеку Польшчы. Намеснік дзяржсакратара і галоўны геолаг краіны Кшыштаф Галаш адзначыў, што хоць радовішча яшчэ трэба дакладна даследаваць і падрыхтаваць дакументацыю, яно можа стаць сапраўдным прарывам у гісторыі здабычы нафты і газу ў Польшчы.