Брытанія аб'явіла санкцыі супраць «ценявага флоту» РФ
- 21.07.2025, 19:12
Пад абмежаванні патрапілі 135 нафтавых танкераў.
Вялікабрытанія абвясціла новыя санкцыі супраць энэргетычнага і нафтавага сектараў Расеі, паведаміў МЗС.
Пад санкцыі патрапілі 135 нафтавых танкераў, якія ўваходзяць у ценявы флот Расеі.
Лондан абвяшчае новыя абмежаванні пасля таго, як Брытанія і ЕЗ панізілі ліміт коштаў на расейскую нафту з $60 да $47,6 за бараль, адзначылі ў МЗС.
У санкцыйным спісе таксама кіргізскі "Керамет Банк". Брытанія тлумачыць абмежавальныя меры супраць банка тым, што той аказваў падтрымку Расеі ў фінансавых паслугах. "Керамет Банк" таксама знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі.
Туды ж унесеная кампанія Litasco Middle East DMCC – гандлёвае падраздзяленне ЛУКОЙЛа, якое базуецца ў Дубаі. "Кампанія Litasco Middle East DMCC атрымлівае выгаду ад урада Расеі або аказвае яму падтрымку ў дзейнасці сектара, які мае стратэгічнае значэнне для ўрада Расеі, а менавіта ў расейскім энэргетычным сектары", — гаворыцца ў абгрунтаванні. Bloomberg паведамляў, што ЕЗ разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць Litasco Middle East DMCC, аднак гэтаму пярэчыла Вугоршчына.
Пад санкцыі таксама патрапіла кампанія
Intershipping Services LLC – як сцвярджаецца, яна "адказная за рэгістрацыю судоў ценявага флоту пад сцягам Габона".