Галоўная суперніца Азаранкі можа вярнуцца ў тэніс
- 21.07.2025, 18:15
Серэна Уільямс аднавіла трэніроўкі.
Былая першая ракетка свету Серэна Уільямс намякнула на сваё магчымае вяртанне ў тэніс.
Спартсменка апублікавала ў сацыяльных сетках відэа з трэніроўкі на корце.
На кадрах 43-гадовая амерыканка адпрацоўвае ўдары з форхенда і бэкхенда.
Уільямс завяршыла прафесійную кар'еру ў 2022 годзе. Цяпер яна засяродзілася на бізнэсе і выхаванні дзвюх дачок - Алімпіі і Адзіры Рывер.
Адзначым, што малодшая з дачок славутай спартсменкі ўжо спрабуе сябе на корце.
А мама дзеліцца першымі крокамі спадчынніцы ў тэнісе ў сваіх сацсетках.
Цікава, што магчымую ідэю вяртання на корт тэнісістка хавае нават ад родных і блізкіх.
Напрыклад, яе сястра Вінус Уільямс у інтэрв'ю адзначыла, што задумкі сваячкі ёй невядомыя.
"Не ведаю, што яна будзе рабіць. Я не задаю такія пытанні. Думаю, мы проста заўсёды будзем гуляць, таму што заўсёды гэтым займаемся", - сказала сяміразовая пераможца турніраў "Вялікага шлема".