Беларусы цяпер могуць анлайн адсочваць, дзе знаходзіцца міжнародны аўтобус
- 21.07.2025, 18:03
Як працуе новая функцыя.
Беларусы цяпер могуць у рэжыме анлайн адсочваць, дзе знаходзіцца міжнародны аўтобус, на які яны набылі квіток. Пра гэта паведаміў сервіс продажу білетаў Infobus.by.
Новая функцыя дазваляе ў рэжыме рэальнага часу бачыць маршрут і месцазнаходжанне аўтобуса.
У электронным квітку ад перавозчыкаў — такіх як "Аўтобусны парк №5 Менсктранса", "РКЭкспрэс", Берасцейскі і Пінскі аўтобусныя паркі, а таксама аўтобусны парк Баранавічаў — з'явілася спецыяльная спасылка: "Паказаць, дзе аўтобус".
Пасажыр, націснуўшы на гэтую спасылку, зможа адсочваць рух транспарту. Спасылка даступная ў лічбавым кабінеце на сайце і ў мабільным дадатку (пасля рэгістрацыі).
Гэтая магчымасць будзе асабліва зручная для тых, хто сустракае родных ці сяброў, а таксама калі аўтобус затрымліваецца на мяжы - можна адразу даведацца, калі ён прыедзе да прыпынку.