BE RU EN

У Італіі скасавалі выступ расейскага дырыжора-пуцініста Валерыя Гергіева

  • 21.07.2025, 13:00

Гэта адбылося пасля ціску ўкраінцаў і дэпутатаў Еўрапарламента.

Міністэрства культуры Італіі скасавала выступ набліжанага да Пуціна дырыжора Валерыя Гергіева на фэсце Un'estate da RE пасля шматлікай крытыкі з боку палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

Пра гэта паведамляе The Volin Chanel.

Выступ Валерыя Гергіева быў запланаваны 27 ліпеня з удзелам аркестра тэатра Verdi di Salerno і салістаў аркестра Марыінскага тэатра, якім ён кіруе ў Санкт-Пецярбургу.

"Мастацтва — вольнае і не можа быць цэнзураванае. Але прапаганда, нават таленавітая — гэта іншае», — заявіў міністр культуры Італіі Алесандра Джулі, дадаўшы, што з'яўленне Гергіева, якога называюць сябрам і дарадцам Пуціна, можа паслаць «няправільны сігнал».

У той жа час прэзідэнт рэгіёну Кампанія Вінчэнца дэ Лука, які ініцыяваў канцэрт, скрытыкаваў скасаванне, заявіўшы, што блакаванне культурных кантактаў «не спрыяе міру, а толькі падсілкоўвае нянавісць».

На мінулым тыдні дэ Лука заявіў, што Гергіева запрасілі на фэст разам з ізраільскім дырыжорам Даніэлем Орэнам, каб «пакінуць каналы сувязі адкрытымі нават з тымі, хто не думае так, як мы».

«Мы не просім гэтых людзей культуры адказваць за палітычны выбар тых, хто ўзначальвае іх краіны», — адзначыў дэ Лука, паведамляе Moscow Times.

Раней пастанову запрасіць Валерыя Гергіева на фэст Un'estate da RE скрытыкаваў генеральны мэнэджар нью-ёрскай Метрапалітэн-опэра Пітэр Гелб, назваўшы дырыжора «мастацкім дублёрам Пуціна».

Таксама скасавання канцэрту патрабавалі блізу 40 арганізацый украінцаў з Італіі, Польшчы, Канады ды іншыя. Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Піна Пічэрна публіча асудзіла запланаваны выступ.

"Нават праз тры з паловай гады вайны ёсць тыя, хто не зразумелі, што падтрымка рэжыму Пуціна — у тым ліку праз такія культурныя ініцыятывы — гэта легітымізацыя ягонага жудаснага імперыялізму і сур'ёзная пагроза. Мой абавязак — як і абавязак еўрапейскіх інстытутаў — звярнуцца да дырэктара фэсту і кіраўніка рэгіёну Кампанія з патрабаваннем умяшацца", — напісала яна на сваёй старонцы ў Х.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе Гергіева звольнілі з пасады галоўнага дырыжора Мюнхенскага філгарманічнага аркестра. Ад яго таксама адмовіліся Ратэрдамская філгармонія, Festspielhaus Baden-Baden, BIS Records, Метрапалітэн-опэра, Карнэгі-хол і Венская філгармонія.

Апошнія навіны