Тысячы расейцаў захраслі ў аэрапортах
- 21.07.2025, 18:51
З затрымкай вылету за два дні сутыкнуліся пасажыры сотняў рэйсаў.
Атакі ўкраінскіх беспілотнікаў справакавалі чарговы калапс у дзейнасці аэрапортаў Масквы. З 19 да 21 ліпеня ў маскоўскіх аэрапортах былі затрыманыя і скасаваныя агулам больш за 1000 рэйсаў. Так, 19 ліпеня ў Шарамеццеве скасавалі 15 рэйсаў, ва Унукаве — 30, у Жукоўскім — два. На наступны дзень, 20 ліпеня, у Шарамеццеве было ўжо 165 скасаванняў, ва Унукаве — 81, у Дамадзедаве — дзевяць, а ў Жукоўскім — адно. Пры гэтым з затрымкай вылету за два дні сутыкнуліся пасажыры сотняў рэйсаў, падлічылі «Ведомости».
Уночы ў панядзелак, 21 ліпеня, маскоўскія аэрапорты зноў працавалі з абмежаваннямі дзеля паветранай небяспекі. З паўночы і на працягу дня ў Шарамеццеве скасавалі больш за 170 рэйсаў, ва Унукаве — 24, а ў Дамадзедаве — два. Затрыманыя былі 472 рэйсы, вынікае з падлікаў РБК. Мінабароны РФ дае справаздачу, што 19 ліпеня сістэмы СПА збілі на падлёце да Масквы 18 украінскіх беспілотнікаў, 20 ліпеня — 26, а 21 ліпеня — 23. Бягучы калапс у маскоўскіх аэрапортах — чацвёрты з пачатку траўня, калі пачаўся высокі турыстычны сэзон. Да гэтага масавыя скасаванні і затрымкі рэйсаў назіраліся 6 траўня, затым 10 чэрвеня і з 5 да 7 ліпеня. Пры гэтым сумарны час закрыцця кожнага з маскоўскіх аэрапортаў за тры месяцы перавысіў дзень. Даўжэй за ўсё — больш за 60 гадзін — не працаваў Дамадзедава, больш за 45 гадзін — Унукава і звыш 30 гадзін — Шарамеццева, падлічылі ў Асацыяцыі тураператараў Расеі. Праз авіяцыйныя крызісы з пачатку траўня авіякампаніі скасавалі блізу 1000 рэйсаў, а 430 самалётаў адляталі на запасныя аэрадромы. Гэта закранула не менш за 200 тысяч пасажыраў, або кожнага дзясятага з тых, хто карыстаўся паветраным транспартам, адзначылі ў асацыяцыі.
У Расавіяцыі заявілі, што пакуль не разглядаю пытанне аб кампенсацыі страт авіякампаніям за затрымкі і скасаванні рэйсаў. На фоне чарговага калапсу аэрапортаў новы міністр транспарту Андрэй Нікіцін заявіў, што сітуацыя ў сталічным авіяцыйным вузле «крыху лепшая, чым была ў траўні». "Калегі аналізуюць сваю работу. І, я мяркую, увогуле дынаміка ёсць. Але ў цэлым ні аэрапорты, ні авіякампаніі прадказаць гэта [увядзенне плана "Дыван"] не могуць. Мы, вядома, будзем працаваць з калегамі з Мінабароны, спрабаваць нешта зрабіць. Але бяспека тут — найперш", — сказаў на заканчэнне Нікіцін.