BE RU EN

У Нямеччыне зафіксаваны рост спроб шпіянажу РФ

  • 21.07.2025, 10:20

Еўразвяз пашырае інструментар для процідзеяння.

Служба вайсковай контрвыведкі Нямеччыны MAD зафіксавала значны рост спроб шпіянажу і падрыўных мерапрыемстваў з боку расейскіх спецслужбаў у ФРГ.

Пра гэта заявіла кіраўнік MAD Марціна Розэнбэрг (Martina Rosenberg) у інтэрв'ю агенцтву dpa ў Берліне, якое падало яе словы ў панядзелак, 21 ліпеня.

- Мы гаворым аб рэзкім павелічэнні выпадкаў шпіянажу і гібрыдных захадаў. Падыход стаў больш масавым і агрэсіўным, - падкрэсліла Розэнбэрг. - Яны дзейнічаюць метадамі, вядомымі з часоў Халоднай вайны, і пашыраюць свой інструментар.

Дэзінфармацыя, кібератакі, палёты беспілотнікаў

Гаворка ідзе пра спробы шпіянажу на вайсковых аб'ектах і ў інфраструктуры Нямеччыны, дыверсіях на лініях забеспячэння, дэзінфармацыі, кібератаках і палётах беспілотнікаў, абароненых ад сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

За год колькасць выяўленых выпадкаў практычна падвоілася, піша dpa. Паводле яго звестак, расейскія агенты працягваюць уязджаць у Нямеччыну праз трэція краіны.

- Яны спрабуюць ствараць стасункі ці аснову для даверу. Існуе таксама рызыка, што аб'ектамі стануць асобы з расейскімі каранямі, этнічныя нямецкія рэпатрыянты або якія маюць сувязі з РФ, - удакладніла Розэнбэрг. Паводле ейных слоў, асаблівая пагроза можа ўзнікнуць падчас паездак нямецкіх вайскоўцаў або асоб з падвойным грамадзянствам на адпачынак у Расею і краіны-супольніцы - там могуць ціснуць ці прымусіць да супрацоўніцтва.

Пашырэнне паўнамоцтваў у сувязі з фармаваннем літоўскай брыгады

Дадатковыя задачы перад MAD ставяцца ў сувязі з фармаваннем літоўскай брыгады - баявога падраздзялення Нямеччыны ў дзяржаве на ўсходнім флангу NАТО колькасцю да 5 000 вайскоўцаў.

У сувязі з гэтым служба вайсковай вызведкі атрымала пашыраныя паўнамоцтвы.

- Ні для каго не сакрэт, што Нямеччына з'яўляецца лагістычным цэнтрам для перакідання войскаў альянсу і - як актыўны партнёр NATO - трывала ўваходзіць у поле зроку замежных спецслужбаў. Найлепшая абарона ад шпіянажу - гэта сур'ёзнае стаўленне да гэтай пагрозы, уважлівае рэагаванне на прыкметы і своечасовае інфармаванне кампетэнтных органаў, - адзначыла суразмоўца агенцтва.

Еўразвяз пашырае інструментар для процідзеяння

У задачы MAD уваходзіць абарона Узброеных Сіл, супрацьдзеянне экстрэмістам і праверка бяспекі вайскоўцаў і цывільных службоўцаў. MAD падпарадкоўваецца Міністэрству абароны ФРГ і месціцца ў Кёльне (Паўночны Рэйн - Вестфалія).

У канцы 2024 года Еўрапарламент прагаласаваў за стварэнне спецкамітэта ў абароне еўрапейскай дэмакратыі. Гэты камітэт ацэньвае набор інструментаў Еўразвязу для барацьбы са зламысным умяшаннем у дэмакратычныя працэсы, уключаючы «Еўрапейскі дэмакратычны шчыт», рэкамендаваны да стварэння Еўракамісіяй.

Апошнія навіны