Хто смяецца апошнім
- 21.07.2025, 11:38
Жыхарам Баранавічаў з захапленнем расказалі, што ў іх дажджом змыла помнік.
Ператварэнне хібаў у гонар становіцца фірмовым беларускім знакам. Чыноўнікі, што беларускія, што расейскія, штампуюць псеўдапазітыўныя падставы ў кожнай сітуацыі. Галоўнае тут - не саромецца. І дзяржаўныя СМІ не адстаюць. Вось жыхарам Баранавічаў з захапленнем расказалі, што ў іх дажджом змыла помнік, піша planmedia.io.
«Помнік чыгуначніку адчаліў ад будынка ЗАГСа. Магчыма, ён надумаў адправіцца ў падарожжа або змяніць лакацыю», — бліскуча жартуе аўтар. І напраўду. Ну нясе плынню здаровую і цяжкую кампазіцыю. Падумаеш! Быццам, нікога не пакалечыла, аўтамабіле не разбіла.
Ну так, крывыя рукі яго ўсталёўвалі. Падумаеш! Не АЭС жа будавалі! (Дарэчы пра АЭС - вы будзеце смяяцца, але яна таксама на днях паламалася). Дык затое мільёны праглядаў у TikTok.
А нясмелыя спробы каментатараў абмеркаваць якасць ліўневых збудаванняў у Баранавічах дасціпны журналіст рашуча адхіляе. Маўляў, ліўнёўка нармальна працуе, проста дождж моцны.
«Карыстальнікі з гонарам ацанілі гумар сітуацыі: «Вось што мне падабаецца ў маім народзе і краіне — беларусы заўсёды на пазітыве!»,- радуюцца ў СМІ. Так што галоўнае - пасмяяцца. А пажар ці паводка — гэта драбніцы.