Навукоўцы раскрылі просты сакрэт пошукаў сапраўднага кахання
- 20.07.2025, 16:37
На чым трэба засяродзіцца.
Людзі, якія пачынаюць шукаць рамантычныя адносіны з жадання сапраўднай блізкасці, а не праз ціск грамадства ці страх быць самотнымі, часцей знаходзяць пару. Да такой высновы прыйшлі псіхолагі з Універсітэта Таронта. Праца апублікаваная ў часопісе Personality and Social Psychology Bulletin (PSPB).
Даследчыкі стварылі новую шкалу, каб вымераць, чаму людзі ўвогуле імкнуцца да адносін. Высветлілася, што не ўсе хочаць знайсці каханне з адных і тых жа прычын — нехта марыць пра блізкасць і сумеснае жыццё, а нехта адчувае, што “пара” ці “так трэба”. Асновай даследавання стала тэорыя самадэтэрмінацыі, паводле якой матывацыі дзеляцца на ўнутраныя (шчырая цікавасць, супадзенне з каштоўнасцямі) і вонкавыя (ціск, страх, жаданне самасцвердзіцца).
Больш за 1200 адзінокіх людзей удзельнічалі ў апытанцы,паводле якой ацэньвалі ўласныя прычыны пошукаў партнёра. Высветлілася, што людзі з унутранай матывацыяй часцей былі ўпэўненыя ў сабе, арыентаваныя на клопат і больш зацікаўленыя ў сур'ёзных адносінах. Тыя, хто шукаў адносіны з прычыны страху быць самотнымі або каб адчуць сябе "нармальным", часцей адчувалі трывожную прыхільнасць і няўпэўненасць.
Потым навукоўцы цягам паўгода назіралі 3 тысячы адзінокіх людзей ва ўзросце ад 18 да 39 гадоў. Тыя, хто пачынаў пошукі адносін дзеля сям'і, сапраўды часцей аказваліся ў пары праз шэсць месяцаў. А вось у тых, хто шукаў адносіны, каб “не адчуваць сябе няўдачнікам” ці дзеля грамадскай ухвалы, шанцаў на поспех было менш.
Аўтары падкрэсліваюць: сацыяльны ціск ці страх адзіноты, не робяць нас больш паспяховымі ў пошуку кахання. А вось сумленнае жаданне быць з кімсьці дзеля сумеснай будучыні - найлепшы памагаты ў гэтай справе.