Новым амбасадарам Нямеччыны ва Украіне стане Хайка Томс
- 2.07.2025, 21:36
Што пра яго вядома.
Новым амбасадарам Нямеччыны ва Украіне будзе назначаны былы статс-сакратар у міністэрстве фінансаў ФРН Хайка Томс. Дыпламат з шырокім досведам працы ў Еўразвязе,NATO і ААН стане пераемнікам Марціна Eгера на пасадзе кіраўніка дыпмісіі ФРН у Кіеве, паведамляе ў сераду, 2 ліпеня, агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ва ўрадавых колах.
Рашэнні аб новых прызначэннях 57-гадовага Томса і шэрагу іншых дыпламатаў будуць прынятыя ўрадам ФРН на працягу дня, паведамляе далей dpa. 60-гадовы Егер узначаліць Федэральную выведвальную службу (BND).
Пасада статс-сакратара ў міністэрстве фінансаў Хайка Томс займаў да сыходу ў адстаўку ўрада Олафа Шольца. Ён удзельнічаў у абмеркаванні "вялікай сямёркай" шырокага пакета дапамогі Украіне, які ўключае пазыкі на 50 млрд. даляраў.
У 2020-2023 гадах Томс быў амбасадарам ФРН у Бразіліі, а да гэтага займаў пасаду намесніка кіраўніка прадстаўніцтва Нямеччыны ў NATO.