Меркель заклікала краіны NATO ўзбройвацца
- 2.07.2025, 20:23
Падчас яе кіраўніцтва выдаткі на абарону Нямеччыны скарачаліся.
Былая канцлерка ФРГ Ангела Меркель назвала пагадненне краін NATO аб павелічэнні вайсковых выдаткаў да 5% ВУП лагічным і неабходным. Аб гэтым яна паведаміла 1 ліпеня ў Швэрыне на ток-шоў RND vor Ort.
На яе думку, краіны NATO павінны стаць "здольнымі да міру", і гэтай мэты можна дабіцца шляхам нарошчвання вайсковай магутнасці, цытуе выступленне Меркель Deutsche Welle.
“2% ад ВУП на абарону ўжо даўно недастаткова. Мы павінны стаць здольнымі да міру за кошт вайсковай сілы», - сказала экс-канцлер.
Меркель, якая займала пасаду канцлеркі ФРГ з 2005-га па 2021 год, апраўдвае значнае скарачэнне выдаткаў Нямеччыны на абарону ў апошнія два дзесяцігоддзі, паведамляе служба навін Tagesschau. Экс-канцлерка заявіла, што гэта было правільна, улічваючы абставіны таго часу. Але зараз, кажа яна, Нямеччына павінна значна інвеставаць у абарону.
"Калі б нам прыйшлося марнаваць 3,5% ВУП на абарону з 1990 года, аднаўляць новыя федэральныя землі, вядома, было б значна складаней", – цытуе словы Меркель падчас выступу ў Швэрыне Tagesschau.
Калі ў 1980-х гадах, гэта значыць у апошнія гады халоднай вайны, паводле дадзеных федэральнага статыстычнага ведамства, на абарону марнавалі ад 2,5% да 3% ВУП Нямеччыны, то да канца 1990-х гадоў гэтая доля ўпала да крыху менш за 1,4% ВУП, піша Tagesschau..
Меркель лічыць, што напады лягчэй за ўсё прадухіляць, ствараючы эфект стрымлівання і адначасова падтрымліваючы дыпламатычныя кантакты, адзначае Deutsche Welle.
"Так мы прайшлі праз халодную вайну, і так трэба праходзіць і ў будучыні", – заявіла Меркель, дадаўшы, што добра, што перамовы з Расеяй зноў працягваюцца. "Без перамоваў гэтая вайна дакладна не скончыцца", - сказала яна.