На мяжы з Беларуссю ўкраінскі жаўнер знайшоў зуб маманта
- 2.07.2025, 20:21
Вайсковец наткнуўся на ўнікальную знаходку, капаючы акоп.
Частку зуба маманта знайшоў украінскі вайсковец падчас ўладкавання пазіцый ля мяжы з Беларуссю, паведаміла адміністрацыя Роўненскай вобласці. Гэты ўкраінскі рэгіён мяжуе з Берасцейшчынай і Гомельшчынай.
Падчас праходжання службы каля беларускай мяжы вайсковец з Ровенскай вобласці Украіны наткнуўся на ўнікальную знаходку — парэшткі маманта. Пры ўладкаванні пазіцый ён заўважыў участак глебы з незвычайным колерам і тэкстурай. Пачаў расчышчаць зямлюі знайшоў нешта падобнае да зуба.
«Спачатку падумаў, што гэта камень. Але рэльеф і форма сведчылі, што гэта нешта значна больш старажытнае», - расказаў вайсковец Сяргей.
Родам ён з Ровенскай вобласці, абараняў Украіну яшчэ з 2014 года. Поўнамаштабнае ўварванне РФ 2022-га заспела яго на Сумшчыне. Пасля частка дыслакавалася на поўнач Ровенскай вобласці.
Знаходку перадалі ў краязнаўчы музей. Гэты фрагмент зуба мог належыць маманту, які жыў больш за 12 тысяч гадоў таму.