Рутэ: Лаўроў з часоў Хрыста не сказаў нічога карыснага
- 2.07.2025, 19:52
Генеральны сакратар NATO высмеяў кіраўніка МЗС РФ.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ высмеяў кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова праз ягоныя нядаўнія каментары пра «крах» Альянсу.
Пра гэта Рутэ заявіў у эфіры Fox News.
Некалькі дзён таму Лаўрова папрасілі пракаментаваць словы польскага візаві Радаслава Сікорскага, які прадказаў крах пуцінскага рэжыму ў выніку сучаснай “гонкі ўзбраенняў”.
"Напэўна, ён прадбачыць, калі такі прарок, што катастрафічнае, паводле маіх ацэнак, павелічэнне бюджэту краін NATO таксама прывядзе да краху гэтай арганізацыі", - здолеў адказаць кіраўнік расейскага МЗС.
Каментуючы гэтыя словы, Рутэ найперш павіншаваў з “велізарнай знешнепалітычнай перамогай” Дональда Трампа і яго адміністрацыю ў дачыненні да павелічэння абаронных выдаткаў NATO.
«Лаўроў - ён міністр замежных спраў Расеі, здаецца, з часоў нараджэння Ісуса Хрыста? І з таго часу нічога карыснага з яго вуснаў так і не вылецела», – лічыць генсак.
"Таму не надавайце спадару Лаўрову занадта шмат увагі", – прапанаваў ён.