Завод у Іжэўску, які выпускае дроны, спыніў працу пасля ўдару Украіны
- 2.07.2025, 18:12
Там збіралі дроны кругласуткава ў тры змены.
Ва Удмуртыі спыніў працу іжэўскі электрамеханічны завод «Купал», атакаваны ўкраінскімі беспілотнікамі раніцай 1 ліпеня, паведамілі крыніцы Astra ў экстранных службах. Паводле іх словаў, два дроны дасягнулі мэты: адзін уляцеў у акно цэха 106, другі ўдарыў у дах цэха 110 і выбухнуў. Адбыўся пажар, які прывёў да абвальвання даху на плошчы 1300 м². У выніку былі разбураныя чатыры цэхі 1-га корпуса, дзе вядзецца металаапрацоўка, паянне мікрасхемаў і выпускаюцца ўдарныя беспілотнікі. Да атакі там збіралі дроны кругласутачна ў тры змены.
Раней кіраўнік Удмуртыі Аляксандр Брачалаў паведаміў пра трох загінулых і 45 пацярпелых у выніку ўдару па «Купале». Ён удакладніў, што 35 чалавек былі шпіталізаваныя, шасцёра з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. У рэгіёне ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі, які будзе дзейнічаць «да асаблівага распараджэння». Атаку на завод пацвердзіў і Генштаб УСУ. Установа заявіла пра «дакладныя траплянні» ў корпус №1 на пляцоўцы №1, дадаўшы, што «вынікі паразы ўдакладняюцца».
Завод «Купал» уваходзіць у канцэрн «Алмаз-Антэй» і з'яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў расейскага ВПК. Першапачаткова ён выпускаў толькі сродкі супрацьпаветранай абароны, сярод іншага ЗРК сямейства «Тор», а таксама мішэнна-трэніровачныя комплексы «Саман-М1» і «Ад'ютант». Аднак пасля ўварвання ва Украіну наладзіў вытворчасць ударных беспілотнікаў «Гарпія-А1» на базе кітайскіх рухавікоў і камплектавальнікаў.
У кастрычніку 2024 года ЗША ўвялі санкцыі супраць прадпрыемства. Таксама яно знаходзіцца пад абмежаваннямі Еўразвязу, Швэйцарыі і Канады.