BE RU EN

Хто стаіць за загадкавымі выбухамі танкераў, якія хадзілі ў РФ?

  • 2.07.2025, 11:59

Спачатку «ўсе падазрэнні» ўпалі на Украіну.

Серыя загадкавых выбухаў на нафтатанкерах выклікала занепакоенасць у свеце марскіх перавозак. Назіральнікі мяркуюць, што гэтыя атакі могуць быць часткай дзяржаўнай кампаніі сабатажу.

Аб гэтым піша газета Financial Times.

З пачатку года ўжо пяць суднаў зазналі мэтанакіраваныя атакі. Апошні інцыдэнт адбыўся на мінулым тыдні - у грэцкім танкеры Vilamoura, які знаходзіўся ля ўзбярэжжа Лібіі, затапіла машыннае аддзяленне.

Усе гэтыя судны заходзілі ў расейскія парты за некалькі тыдняў да нападаў, што прымусіла некаторых экспертаў у бяспецы выказаць здагадку датычнасці Украіны. Афіцыйны Кіеў каментароў не даваў, аднак украінскія спецслужбы ўжо неаднаразова ажыццяўлялі таемныя аперацыі супраць расейскіх інтарэсаў.

Адзін з дарадцаў у пытаннях бяспекі адзначыў, што спачатку «ўсе падазрэнні» ўпалі на Украіну. Але асаблівасці апошняй атакі - выбух адбыўся ў дно, а не збоку корпуса - далі падставы для іншых версій наконт магчымых дыверсантаў.

Чатыры з атакаваных суднаў заходзілі ў парты Лібіі - краіны, падзеленай паміж варагуючымі групоўкамі, якія фінансуюць сябе за кошт экспарту нафты. Таксама ўсе танкеры маюць гісторыю прыпынення каля Мальты для папаўнення запасаў.

Атака на Vilamoura стала працягам такіх інцыдэнтаў - адзін адбыўся ў студзені, яшчэ тры - у лютым. Пераважна атакі адбываліся ў Міжземным моры, хаця адзін з танкераў пацярпеў і ў Балтыйскім моры.

Марцін Кэлі, кіраўнік аналітычнага кірунку кампаніі EOS Risk Group, якая спецыялізуецца на марской бяспецы, адзначыў, што толькі «некаторыя» элементы апошняй атакі падобныя на папярэднія.

«Ёсць і іншыя магчымыя варыянты - уключаючы лібійскіх удзельнікаў або дзяржавы, якія маюць і тэхнічныя магчымасці, і патэнцыйны матыў», - сказаў ён.

Чатыры з пашкоджаных танкераў належаць грэцкім і кіпрскім суднаўладальнікам. Vilamoura, які пацярпеў на мінулым тыдні, належыць кампаніі Cardiff Group, якую кантралюе суднаходны бізнэсовец Георгіяс Эканамоу.

Seacharm, які зазнаў напад у студзені ля берагоў Турцыі, і Seajewel, атакаваны ў лютым у Італіі, прыналежаць Thenamaris - буйнай суднаходнай групе пад кантролем Нікаласа Марцінаса.

Танкер Grace Ferrum, пашкоджаны ў лютым каля Лібіі, належыць кіпрскай кампаніі Cymare.

А судна Koala пацярпела ад выбуху ў расейскім порце Усць-Лузе ў лютым. У траўні яго ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕЗ праз перавозку расейскай нафты з парушэннем правіл.

Для астатніх суднаў парушэнняў правіл G7 па перавозцы расейскай нафты, даражэйшай за $60 за барэль, не зафіксавана. Звесткі трэкінга сведчаць, што судны заходзілі пераважна ў расейскія парты, якія экспартуюць нафту з Казахстана - яна не пад санкцыямі.

Апошнія навіны