BE RU EN

Лукашэнка закончыў рэйдарскі захоп «Камунаркі»

  • 19.07.2025, 11:48

Асноўная дзель акцый бязвыплатна пераходзіць дзяржаве.

Акцыі кандытарскай фабрыкі «Камунарка» амаль на 37,5 млн рублёў бязвыплатна пераходзяць з уласнасці Менска ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як вынікае з дакумента, з уласнасці Менска ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь пераходзяць 52 577 акцый супольнага ААТ «Камунарка» намінальным коштам 67,77 рубля на агульную суму 37 448 143,29 рубля.

«Прыняць бязвыплатна да 1 верасня 2025 года», — гаворыцца ў пастанове Саўміна.

Як удакладняюць СМІ, гаворка ідзе пра дўзель 88,9% акцый. Такім чынам, вытворца фактычна становіцца не Менскім, а рэспубліканскім прадпрыемствам.

Даход прадпрыемства за мінулы год перавысіў 459 млн рублёў, а чысты прыбытак склаў звыш 9,9 млн.

Нагадаем, «Камунарка» стала акцыянерным таварыствам у 1994 годзе. Дзель ва ўласнасці атрымалі работнікі прадпрыемстваў, прадаць яны яе не маглі — У 1996 годзе спецыяльным дэкрэтам увялі мараторый на продаж акцый, якія атрымалі чальцы працоўных калектываў.

У 2008 годзе пастанавілі скасаваць забарону, а з пачатку 2011 года гэта пастанова ўступіла ў дзеянне (працэс быў паступовым). Тады многія работнікі захацелі свае акцыі прадаць. Мінгарвыканкам купляць іх не захацеў. Акцыянернае таварыства само купіла акцыі ў работнікаў і прадало іх стратэгічнаму інвестару, які пажадаў заняцца яго развіццём.

Амерыканскі бізнэсовец беларускага паходжання Марат Новікаў набыў 34% «Камунаркі», а дзяржаве засталося 27,07%.

У сакавіку 2011 года выйшаў новы ўказ, які даў мясцовым выканкамам пераважнае права на куплю акцый некалі прыватызаваных прадпрыемстваў. Мінгарвыканкам, які раней адмовіўся ад «Камунаркі», перадумаў і нават пачаў судзіцца з работнікамі прадпрыемства, якія прадалі акцыі інвестару. Тыя папрасілі «абароны» ў Аляксандра Лукашэнкі. У кастрычніку 2012 года ён іх «абараніў».

Лукашэнка прыехаў на «Камунарку» і там заявіў, што дзяржава забірае яе і «Спартак» назад у сваю ўласнасць, бо гэта «народныя і стратэгічныя прадпрыемствы».

Фармальнай прычынай для перагляду вынікаў прыватызацыі стаў зварот у Вышэйшы гаспадарчы суд Дзяржаўнага камітэта маёмасці ў сувязі з тым, што ў працэсе прыватызацыі незаконна заніжалі памеры статутных фондаў і дзяржава атрымала менш акцый, чым магла б, у выніку чаго ёй была прычыненая шкода. Суд патрабаванні задаволіў. Дзяржаўная дзель ў «Камунарцы» была павялічаная да 57%, у «Спартаку» — да 60%. Старое кіраўніцтва звольнілі, прызначылі новае. Марат Новікаў застаўся па-за бортам - у яго проста забралі ўласнасць. Прэтэнзій да яго ў праваахоўнікаў не было, але бізнэсовец не стаў вяртацца з ЗША. Пазней у інтэрв'ю ён казаў, што быў упэўнены, калі вернецца, то прэтэнзіі знойдуцца і яго пасадзяць.

Апошнія навіны