Арына Сабаленка адмовілася ад удзелу ў турніры ў Манрэалі
- 17.07.2025, 11:25
Першая ракетка свету патлумачыла прычыну.
Першая ракетка свету Арына Сабаленка не будзе ўдзельнічаць у турніры WTA-1000 у канадскім Манрэалі, паведамляе Reuters.
«З нецярпеннем чакаю пачатку спаборніцтваў на хардзе ў Паўночнай Амерыцы. Але, каб павялічыць свае шанцы на поспех у гэтым сезоне, я падумала, што ў маіх інтарэсах прапусціць Манрэаль», — цытуе Сабаленку Reuters са спасылкай на прэс-рэліз Tennis Canada.
Спартоўка адзначыла, што будзе «сумаваць па сваіх выдатных канадскіх заўзятарах» і падкрэсліла, што чакае сустрэчы з імі ў наступным годзе.
Турнір у Манрэалі пройдзе з 26 ліпеня да 7 жніўня. Праз два тыдні ў Нью-Ёрку стартуе US Open.
Летась беларуска ў Манрэалі спатыкнулася на стадыі чвэрцьфіналу, саступіўшы Амандзе Анісімавай з ЗША.