«Гэта адкрывае шлях да перамогі Украіны»
- 17.07.2025, 11:08
Афіцэр УСУ назваў два чыннікі.
Камандзір 225-га асобнага штурмавога батальёна УСУ маёр Алег Шыраеў заявіў, што пастаўкі сістэм СПА і дазвол на ўдары па глыбінных цэлях у Расеі дадуць Украіне шанец на перамогу.
Вызначальную ролю можа адыграць падтрымка заходніх супольнікаў - як у выглядзе паставак ЗРК Patriot, так і ў палітычнай волі на выкарыстанне дальнабойнага ўзбраення. Пра гэта ўкраінскі афіцэр расказаў у інтэрв'ю журналістам Defense Breaking.
«У нас ёсць шанец [на перамогу], і гэты шанец даволі вялікі. Цяпер, калі мы атрымаем сродкі супрацьпаветранай абароны, а таксама сродкі для нанясення ўдараў на вялікія адлегласці, то на парадак дня выйдзе не пытанне аб спыненні агню, а пытанне аб перамозе цывілізаванага свету, цывілізаванага Захаду ў гэтай вайне», — падкрэсліў Шыраеў.
Вайсковец таксама дадаў, што ўдары па вытворчых аб'ектах беспілотнікаў у Расеі маглі б знізіць інтэнсіўнасць нападаў, аднак для гэтага Кіеву патрэбныя ракеты вялікай далёкасці і палітычная пастанова аб іх выкарыстанні.
Цяпер Украіна мае як мінімум шэсць батарэй Patriot, аднак, са слоў Шыраева, гэтага недастаткова. Расейскія ракетныя ўдары і штодзённыя бамбаванні працягваюцца, асабліва паблізу лініі фронту.
Заява прагучала на фоне паведамленняў аб магчымых пастаўках ва Украіну да 10 батарэй Patriot. Акрамя таго, паводле звестак Financial Times, былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абмяркоўваў з Уладзімірам Зяленскім ідэю нанясення ўдараў па Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Хоць пазней кіраўнік Белага дома зняпраўдзіў гэтую інфармацыю і заявіў, што ён ні на чыім баку ў гэтай вайне і хоча спыніць кровапраліцце.
«Я ні на чыім баку. Я проста хачу спыніць забойствы. Зяленскі не павінен нацэльвацца на Маскву», - заявіў Трамп.