Праз залевы ў Менску грамадскі транспарт не хадзіў амаль гадзіну
- 17.07.2025, 10:44
Былі падтопленыя чатыры адцінкі дарог.
Праз падтапленні ў Менску пасля залевы 16 ліпеня зафіксаваныя чатыры выпадкі спынення руху (да 57 хвілін) грамадскага транспарту. Пра гэта піша БелТА.
Як адзначылі ў МНС, 16 ліпеня выпала да 12 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме 98 мм, былі падтоплены чатыры адцінкі дарог.
У Менскім раёне каля ГЦ «Экспабел» дождж размыў грунт, з-за чаго абрынулася частка асфальту на аўтастаянцы. Ратавальнікі ўсё аднавілі, пацярпелых няма.
У Баранавічах цэнтральная частка горада апынулася ў эпіцэнтры моцнай залевы. Пасля непагадзі быў падтоплены Цэнтральны рынак на вуліцы Чарнышэўскага. Ратавальнікі таксама выязджалі на адпампоўку вады з падтопленага жылога дома ў Менскім раёне.
Белгідрамет і МНС таксама папярэджваюць, што 17 ліпеня па ўсёй краіне чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні, узмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. У Менску днём чакаецца навальніца.