BILD: Лукашэнка атакуе Нямеччыну нелегаламі
- 17.07.2025, 10:35
Мэта - «дэстабілізаваць палітычную сітуацыю».
Лукашэнка і Пуцін усё больш актыўна выкарыстоўвае ўцекачоў як зброю на ўсходняй мяжы ЕЗ. Яго мэта, як піша самая папулярная нямецкая газета BILD (пераклад - сайт Charter97.org), «дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў Нямеччыне».
Мінулыя дні сталі выпрабаваннем для Польшчы. Ціск на мяжы расце з кожным днём. У мінулы чацвер было зафіксавана 115 спроб незаконнага перасячэння мяжы.
У выхадныя (з пятніцы да нядзелі) былі вернутыя 390 мігрантаў. Толькі ў панядзелак 185 чалавек спрабавалі прарвацца праз загароды. Іх спынілі і адкінулі назад.
«Сёлета ўжо папярэджана 20 583 незаконныя ўезды з Беларусі ў ЕЗ. Але страх застаецца: новы крызіс уцекачоў можа сур'ёзна ўдарыць па Еўропе. Мяжу ЕЗ з Беларуссю абараняюць парканы, дроны і персанал. Але менавіта гэтага часта не стае - зноў і зноў групам удаецца прарвацца або атакаваць», — піша BILD.
Мігранты дабіраюцца праз Маскву (Расея), Доху (Катар), Стамбул (Турцыя) і Бенгазі (Лібія) да Менска. Адтуль Лукашэнка накіроўвае іх да мяжы — у аўтобусах, з інструментамі для прарыву памежных загарод. Цяпер з Турцыі ў Беларусь штотыдзень лётаюць 78 пасажырскіх самалётаў - у красавіку было толькі 20.
Паводле інфармацыі BILD, дзяржаўная авіякампанія Белавія пачала рэгулярныя рэйсы з Менска ў Бенгазі. Першы рэйс на новым самалёце адбыўся 18 чэрвеня.
BILD спытаў міністра ўнутраных спраў ФРГ Аляксандра Добрындта (ХСУ) аб сітуацыі на мяжы. Ён ясна даў зразумець: «Польшча абараняе на мяжы з Беларуссю не толькі сваю тэрыторыю, але і вонкавую мяжу Еўропы».
Нямецкі міністр заявіў, што ўрад у Варшаве «праводзіць выдатную працу». «Я цалкам падтрымліваю меры, што прымаюцца Польшчай для абароны вонкавай мяжы ЕЗ», - сказаў ён.