Страты расейскіх танкаў ва Украіне б'юць новыя рэкорды
- 1.07.2025, 22:28
Крэмль страціў больш за 1100 баявых машынаў.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне расейскае войска панесла значныя страты ў бронятэхніцы. Паводле звестак галоўнага камандзіра УСУ Аляксандра Сырскага, Украіна знішчыла больш за 1100 расейскіх танкаў і больш за 2500 бронемашынаў. Хоць пацвердзіць дакладны лік цяжка, страты пацвярджаюцца шматлікімі відэа і звесткамі ад незалежных аналітыкаў, піша National Interest (пераклад – сайт Charter97.org).
Асабліва пацярпелі сучасныя расейскія танкі, уключаючы Т-90 – асноўны баявы танк войска РФ. Нягледзячы на сучасныя сістэмы абароны, уключаючы дынамічную браню і глушыцелі ракетаў, Т-90 аказаўся ўразлівым да заходніх супрацьтанкавых сістэмаў.
Сур'ёзныя страты панеслі і больш старыя машыны, такія як Т-72, якія знаходзяцца на ўзбраенні з 1970-х гадоў. Нават іх мадэрнізаваныя версіі, у тым ліку Т-72Б3, не вытрымліваюць сучасных пагрозаў, уключаючы дроны-камікадзэ.
Не лепш ідуць справы з Т-80 першым серыйным танкам з газатурбінным рухавіком. Нягледзячы на высокую хуткасць і дадатковую браню, ён занадта ўразлівы.
Хоць Масква не публікуе афіцыйныя звесткі, незалежныя крыніцы і дакументальныя сведчанні пацвярджаюць: расейскае войска панесла беспрэцэдэнтныя страты.