Расейцы змогуць удзельнічаць у мясцовых выбарах у Беларусі
- 14.03.2025, 14:44
Цяпер яны могуць галасаваць і абірацца ў нашай краіне.
Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расеі, атрымалі права ўдзельнічаць у расейскіх мясцовых выбарах. Такое ж права працуе для расейцаў, якія жывуць у Беларусі - яны могуць галасаваць і абірацца тут, паведамляе «Белсат».
Гэта стала магчыма пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у двухбаковую дамову аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Пра гэта расказаў Уладзімір Пуцін падчас іх з Аляксандрам Лукашэнкам супольнай прэс-канферэнцыі 13 сакавіка.
Пуцін адзначыў, што такім чынам нібыта "пашыраюцца магчымасці для больш актыўнага ўцягвання грамадзян у грамадскае і палітычнае жыццё".
"Расейцы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, і беларусы, які пражываюць на пастаяннай аснове ў Расеі, могуць цяпер удзельнічаць у мясцовых выбарах і як выбарцы, і як кандыдаты", - сказаў Пуцін.