«Квіток у адзін канец іх не вельмі вабіць»
- 5.02.2025, 12:18
Беларуска расказала пра дзіўныя пытанні сілавікоў.
Чытачка сайта Charter97.org распавяла аб візіце ўчастковага напярэдадні так званых «выбараў»:
- У кватэру зайшоў адзін у форме. Адразу было відаць, што навічок, бо ніякавата пераступаў з нагі на нагу і камячыў нейкія свае паперкі ў руках. Патлумачыў, што яго нядаўна прызначылі і ён хацеў бы з намі пазнаёміцца.
Размова адразу пайшла аб дзецях: а дзе ж яны, чаго нідзе іх не відаць? Адказалі, што нашым сынам ужо не па 5 гадоў, а больш чым па 30, мы ўжо не надта перажываем, што іх не бачна.
- А дзе ж яны? - пытаецца далей няпрошаны госць.
- Ды раз'ехаліся па свеце, адзін у Літве, іншы - у Польшчы.
- Чаму ж бацькоў не прыедуць адведаць?
- Ды вось усё часу няма!
Не скажаш жа, што білет у адзін канец іх не вельмі вабіць.
- Можа, вам якая сацыяльная дапамога патрэбна?!
- Ды не, дзякуем, неяк самі даем рады.
А ў галаве думка: "Так, гэтыя дапамогуць, з бясплатным трансферам у турму".
Для важнасці госць адзначыў нашыя нумары, узяў подпісы, што правёў з намі гутарку. Між іншым, паведаміў пра так званыя “выбары” і пацікавіўся, ці прыйдзем.
- Ой, нам ужо не да “выбараў”.
Міліцыянер пайшоў, а мы ўзялі па чарачцы ды і падумалі, што даўно не бачылі ўнукаў. Трэба будзе на Каляды з'ездзіць…