BE RU EN

Дзяржсакратар ЗША: Дасягненне міру патрабуе саступак усіх бакоў

  • 18.02.2025, 18:37

Марка Рубіё назваў перамовы з РФ у Савудаўскай Арабіі «першым крокам на доўгім і цяжкім шляху».

Каб пакласці канец вайне Расеі ва Украіне, усім бакам неабходна пайсці на саступкі, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё пасля перамоў з расейскай дэлегацыяй у Савудаўскай Арабіі ў аўторак, 18 лютага, паведамляе «Нямецкая хваля».

«Сёння быў зроблены першы крок на доўгім і цяжкім шляху, але ён важны», – цытуе Рубіё агенцтва Reuters.

«Калі гэты канфлікт будзе ўрэгуляваны прымальным чынам, то адкрыюцца неймаверныя магчымасці для геапалітычнага партнёрства з Расеяй у пытаннях, якія маюць агульны інтарэс, і, шчыра кажучы, эканамічнага партнёрства ў пытаннях, якія, як мы спадзяёмся, пойдуць на карысць свету і палепшаць нашы стасункі ў доўгатэрміновай перспектыве», - сказаў Рубіё.

Кажучы пра ролю еўрапейскіх краін, Рубіё заявіў, што Еўразвяз «у пэўны момант» таксама павінен будзе апынуцца за сталом перамоў. «Еўразвяз у нейкі момант павінен будзе сесці за стол перамоў, бо ў іх таксама ёсць уведзеныя санкцыі», - сказаў дзяржсакратар.

Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Уолц, каментуючы саміт, падкрэсліў, што з хаўруснікамі ЗША праводзіліся кансультацыі і ніхто не быў адсунуты ў бок. Уолц дадаў, што яго радуе імкненне Еўропы зрабіць больш важкі ўнёсак у гарантаванне бяспекі Украіны, паведамляе Reuters.

Апошнія навіны