BE RU EN

Bloomberg: ЕЗ распрацоўвае буйны абаронны пакет з дапамогай Украіны

  • 16.02.2025, 21:18

Апублікаваць план жадаюць пасля выбараў у Нямеччыне.

Еўразвяз мае намер распрацаваць новы буйны пакет захадаў у падтрымцы ўласнай абароны і вайсковай дапамогі Украіне на фоне таго, што ЗША збіраюцца скарачаць падобныя выдаткі, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Планы не будуць апублікаваныя да парламенцкіх выбараў у Нямеччыне 23 лютага, каб не дапусціць спрэчак перад галасаваннем і не даць правай «Альтэрнатыве для Нямеччыны» нагоды пазіцыянаваць сябе як партыю міру.

У панядзелак паміж некалькімі лідарамі краін Еўропы (Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Гішпаніі, Нідэрландаў і Даніі і генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ) пачнецца абмеркаванне захадаў у Парыжы, нейкая дамова можа быць дасягнута на саміце ЕЗ у сакавіку.

Тэрміновасць захадаў агенцтва звязвае з магчымым хуткім завяршэннем вайны РФ у Украіне. Паводле звестак суразмоўцаў Bloomberg, адміністрацыя ЗША паведаміла еўрапейскім чыноўнікам, што хоча дабіцца спынення агню ва Украіне да Вялікадня (20 красавіка, сёлета ён супадае ў праваслаўных і каталікоў). Крыніцы агенцтва лічаць такія тэмпы нерэалістычнымі, адна з іх адзначыла, што перамір'е да канца года больш верагоднае.

Апошнія навіны