Параненых ва Украіне расейскіх вайскоўцаў пачалі выпраўляць на лекаванне ў Паўночную Карэю
- 10.02.2025, 20:01
У РФ не стае шпіталяў?
Паўночная Карэя актыўна дапамагае Расеі лячыць параненых ва Украіне вайскоўцаў, паведаміў амбасадар Масквы ў Пхеньяне Аляксандр Мацэгора. Паводле ягоных словаў, у краіне «заўсёды вельмі станоўча, па-сяброўску» ўспрымалі расейцаў і ў апошнія гады гэта стала «яшчэ больш прыкметным». «Наглядны прыклад такіх брацкіх стасункаў – рэабілітацыя сотняў параненых байцоў "СВА" ў карэйскіх санаторыях і лякарнях», – сказаў Мацэгора ў інтэрв'ю «Расейскай газеце».
На ягоную думку, гэта звязана з «агульнай гісторыяй» і «асаблівасцямі нацыянальных характараў». Мацэгора сцвярджае, што паўночнакарэйцы ўсюды сустракаюць расейцаў «з усмешкай, спрабуюць загаварыць па-расейску, прапануюць сваю дапамогу». Напрыклад, акрамя рэабілітацыі салдатаў, летам 2023 года дзіцячы летнік «Сандавон» на беразе Японскага мора прыняў дзяцей загінулых вайскоўцаў, прычым лекаванне, догляд і харчаванне былі «абсалютна бясплатнымі». «А калі мы прапанавалі сябрам кампенсаваць хоць бы частку іх выдаткаў, яны шчыра пакрыўдзіліся і прасілі больш ніколі гэтага не рабіць», – запэўнівае Мацэгора.
У чэрвені летась дыктатар РФ Уладзімір Пуцін і дыктатар КНДР Кім Чэн Ын падпісалі дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве, якая дэ-факта мае на ўвазе ваенны звяз. Пасля гэтага ў Расею прыбылі да 12 тысячаў паўночнакарэйскіх салдатаў, якія пачалі дапамагаць яе войску ваяваць з Украінай. Сярод іншага, іх задзейнічалі ў баях у Курскай вобласці. Паўднёвакарэйская выведка паведамляла, што Масква выплачвае Пхеньяну $2 тысячы за кожнага вайскоўца, што эквівалентна 83 гадавым заробкам грамадзяніна КНДР.