Кіраўнік Генштаба: Абстаноўка вакол Беларусі складаней, чым у чэрвені 1941 года
- 9.12.2025, 21:09
Павел Мураўейка заявіў пра «абвастрэнне сітуацыі».
Кіраўнік Генштаба, першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Мураўейка заявіў, што на дадзены момант абстаноўка вакол краіны нават складанейшая, чым у чэрвені 1941 года, калі ўсё ішло да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведамляе БелТА.
Паводле слоў Мураўейкі, абвастрэнне сітуацыі правакуе шэраг фактараў, сярод якіх — пераважанне незразумелых прэтэнзій краін адна да адной. Ён адзначыў, што пры гэтым працягвае дзейнічаць санкцыйная палітыка, не здольная прывесці ні да чаго добрага ў бліжэйшай перспектыве.
«Калі параўноўваць з чэрвенем 1941-га, дык, напэўна, цяпер абстаноўка яшчэ больш складаная. Бо краіны значна выраслі эканамічна, інтэлектуальна, узбраенне і ваенная тэхніка сталі значна больш дасканалымі», — сказаў першы намеснік міністра абароны.
Незадоўга да гэтага Лукашэнка заявіў, што абстаноўка на беларуска-ўкраінскай мяжы стабілізавалася, аднак патрабуе ўмацавання памежнай інфраструктуры. Беларускі лідар удакладніў, што цяпер «даводзіцца выстаўляць» у другой лініі за памежнымі войскамі падраздзяленні ўзброеных сіл.