Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць ідэолага «рускага свету» Дугіна
- 9.12.2025, 20:29
Пад абмежаванні трапілі таксама пяць арганізацый.
Вялікабрытанія ўключыла ў санкцыйны спіс ідэолага «рускага свету», прапагандыста Аляксандра Дугіна і былога супрацоўніка прэс-службы Мінабароны Расіі Міхаіла Звінчука. Акрамя гэтага, пад абмежаванні трапілі пяць арганізацый. Гэта заснаваны Дугінам Цэнтр геапалітычных экспертыз, праект Звінчука «Рыбар» разам з аднайменным тэлеграм-каналам, створаны МЗС і «Россотрудничеством» «Фонд абароны і падтрымкі правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой», а таксама рускамоўныя медыяпраекты Golos і Euromore, што базуюцца ў Бельгіі.
У абгрунтаванні гаворыцца, што Дугін і Звінчук удзельнічаюць у дэстабілізацыі Украіны, падтрымліваючы або прасоўваючы дзеянні, якія пагражаюць яе тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту або незалежнасці. «Рыбар», каментуючы аргументацыю Лондана, напісаў: «Заўважылі праз 4 гады СВА». Пры гэтым аўтары канала выказалі ўпэўненасць, што рэальнай прычынай санкцый з’яўляецца праца каманды праекта «супраць дэструктыўнага ўплыву Вялікабрытаніі ў Расіі і свеце». Дугін уключэнне ў чорны спіс Лондана не каментаваў. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у краіну і блакаванне актываў у выпадку іх выяўлення.
Дугін вядомы як адзін з лідараў «еўразійства» — ідэалагічнай плыні, што прадугледжвае супрацьпастаўленне Расіі заходняму свету. Яго таксама называюць ідэолагам «рускага свету», да меркавання якога прыслухоўваецца прэзідэнт Уладзімір Пуцін, многія сілавікі і крэмлёўскія чыноўнікі. Філосаф актыўна падтрымлівае вайну ва Украіне, выступаючы супраць мірнага пагаднення без перамогі на полі бою, і знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША.
«Рыбар» займаецца асвятленнем вайны ва Украіне і крэмлёўскай прапагандай. У 2024 годзе Дзярждэп абвінаваціў праект ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары, распальванні міжпартыйнай і расавай варожасці ў ЗША і прызначыў узнагароду ў $10 млн за інфармацыю пра яго супрацоўнікаў. Звінчук таксама ўваходзіць у рабочую групу па пытаннях мабілізацыі і сацыяльнай падтрымкі ўдзельнікаў вайны, створаную Пуціным.