BE RU EN

У Расіі ўпершыню за 15 гадоў падае вытворчасць ежы

  • 9.12.2025, 14:08

Ракеты не накормяць.

Расійскія вытворцы харчовых прадуктаў упершыню з 2009 года скарацілі выпуск тавараў з-за эканоміі расіян на ежы.

Як піша The Moscow Times, у студзені–верасні бягучага года вытворчасць прадуктаў знізілася на 0,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а напояў — на 4,1%.

Адначасова за 11 месяцаў 2025 года колькасць новых інвестыцыйных праектаў у харчовай прамысловасці скарацілася на 46%. Інвестыцыйная актыўнасць у харчовым сектары фактычна адкацілася да ўзроўню 2013 года, апошняга перад увядзеннем харчовага эмбарга — забароны на ўвоз асобных відаў сельскагаспадарчых вырабаў і прадуктаў з краін, якія ўвялі санкцыі супраць Расіі за анексію Крыму. Разам з тым крэдытная нагрузка на прадпрыемствы харчовай прамысловасці рэзка ўзрасла.

Па словах кіруючага партнёра Agrotrend.ru Мікалая Лычова, вытворчасць прадуктаў у РФ змяншаецца з-за агульных праблем у эканоміцы: недахопу працоўных рэсурсаў, паскарэння інфляцыі, росту крэдыторскай запазычанасці, высокай ключавой стаўкі, а таксама пераходу расіян да ашчаднай мадэлі паводзінаў.

«Усё часцей пакупнікі адмаўляюцца ад прадуктаў для задавальнення (шашлыкі, мясныя і сырныя дэлікатэсы і г.д.), выбіраючы больш простую ежу», — цытуе выданне Лычова.

Па яго словах, расіяне пераходзяць на куплю прадуктаў толькі па акцыях і пачынаюць хадзіць у дыскаўнтэры ў пошуках лепшай цаны. Пры гэтым сярэдні чэк у прадуктовых крамах за першыя дзевяць месяцаў 2025 года вырас на 9% — фактычна да ўзроўню інфляцыі. Лычоў дадаў, што гэта таксама сведчыць пра зніжэнне пакупніцкай актыўнасці.

У Расіі шмат сем’яў, якія ільвіную частку заробку трацяць менавіта на ежу, нагадаў эксперт Інстытута эканамічнага росту імя П. А. Сталыпіна Алег Нікалаеў. Паводле звестак «СберИндекс», у 2024 годзе ў кожным дзесятым муніцыпальным раёне краіны на ежу прыпадала мінімум палова выдаткаў жыхароў.

«Гэта наглядна дэманструе маштаб беднасці», — падкрэсліў Нікалаеў.

Апошнія навіны