Трамп назваў журналістку ABC «невыноснай»
- 9.12.2025, 12:12
Прэзідэнт ЗША адрэагаваў на пытанне пра ўдар па лодцы з наркотыкамі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў журналістку выдання ABC News Рэйчэл Скот «невыноснай» пасля таго, як яна папрасіла пракаментаваць удар вайскоўцаў па лодцы з наркотыкамі, паведамляе The Hill.
Скот нагадала пра атаку ВМС ЗША на лодкі ў Карыбскім моры 2 верасня. Паводле дадзеных The Washington Post, у той дзень вайскоўцы нанеслі першы ўдар, а на працягу некалькіх хвілін камандзіры назіралі, як лодка гарыць, праз прамую трансляцыю з дрона, і нанеслі паўторны ўдар.
Журналістка спытала ў Трампа, ці даручыць ён міністру абароны Піту Хэгсэту апублікаваць відэа другога ўдару, бо раней прэзідэнт заяўляў, што з гэтым «не будзе ніякіх цяжкасцяў».
У адказ Трамп адмовіўся ад сваіх папярэдніх слоў і рэзка раскрытыкаваў прадстаўніцу ABC, назваўшы яе «невыноснай».
«Дазвольце сказаць: вы — невыносная, жудасная, проста жудасная рэпарцёрка. І з вамі заўсёды адно і тое ж. Я ўжо казаў, што мяне задавальняе любое рашэнне, якое прыме Піт Хэгсэт», — заявіў Трамп.
Як адзначае The Hill, гэта ўжо не першы канфлікт паміж Трампам і Скот. У мінулым годзе журналістка пыталася, чаму чарнаскурыя выбарцы павінны даверыць яму яшчэ адзін тэрмін. Тады Трамп назваў ABC «фэйкавай сеткай».