BE RU EN

У расійскім Ангарску амаль 170 тысяч чалавек замярзаюць пры −32°C

  • 9.12.2025, 8:54

З-за буйной аварыі на ЦЭЦ-9.

У расійскім Ангарску, што ў Іркуцкай вобласці, абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі пасля буйной аварыі на ЦЭЦ-9. Без ацяплення засталося звыш 167 тысяч чалавек. Інфармацыю пацвердзіў мэр расійскага горада Сяргей Пятроў.

У горадзе спынена цеплазабеспячэнне не толькі жылых дамоў, але і крытычна важнай інфраструктуры: бальніц, дзіцячых садкоў і школ. Навучальныя ўстановы пачалі пераводзіць урокі ў анлайн-фармат. А вось дзіцячыя сады працягваюць працаваць, нягледзячы на жахлівы холад.

Улады здолелі падрыхтаваць часовыя пункты размяшчэння толькі на шэсць тысяч месцаў, што відавочна не адпавядае маштабам таго, што адбылося. У мясцовых пабліках людзі абураюцца з-за таго, што здарылася. Школьнікі скардзяцца, што ў класах «як у Антарктыдзе».

Пакуль тысячы людзей спрабуюць перажыць мароз без ацяплення, энергетычная кампанія заклікае адмовіцца ад электраабагравальнікаў, каб не выклікаць перагрузку сеткі. Паводле прагнозаў, тэмпература ў рэгіёне ўдзень будзе паніжацца да мінус 22 градусаў, а ўначы апускацца да мінус 32.

У медыцынскіх установах становішча таксама крытычнае. Пацыентам выдаюць дадатковыя коўдры і ўсталёўваюць абагравальнікі, аднак гэта амаль не дапамагае. Паводле слоў адной з пацыентак, уначы ў палатах «халадней, чым у калідорах», спаць робіцца практычна немагчыма. Жыхары грэюць дзяцей бутэлькамі з гарачай вадой, бо іншых спосабаў сагрэць памяшканне няма.

Пакуль дыктатар Уладзімір Пуцін распавядае пра «вялікасць» і траціць каласальныя сродкі на вайну і забойствы ўкраінцаў, у РФ развальваецца крытычная інфраструктура. «Пуцін распавядае, якая ў нас вялікая чацвёртая эканоміка свету. Трыццаць гадоў ніхто не займаўся камунікацыямі. Адна хлусня. Як патрапіць у гэты казачны свет Пуціна, дзе ўсё добра?» — пішуць у сацсетках абураныя жыхары Ангарска.

7 снежня на ЦЭЦ-9 выйшаў з ладу другі паравы кацёл. Гэтая станцыя стала ключавой для горада пасля закрыцця ЦЭЦ-1 у 2021 годзе. Пры гэтым жыхары сцвярджаюць, што праблемы з ацяпленнем пачаліся яшчэ ў верасні, адразу пасля пачатку ацяпляльнага сезона.

Апошнія навіны