Хлусня Пуціна пра захоп Пакроўска рассыпаецца
- 8.12.2025, 19:47
Горад трымаецца, прасоўванне Узброеных Сіл РФ замарудзілася.
Мінула ўжо тыдзень з таго часу, як дыктатар РФ Пуцін публічна абвясціў пра захоп украінскага Пакроўска. Сілы абароны Украіны дагэтуль утрымліваюць частку горада пад кантролем, а ў Узброеных Сіл РФ на гэтым участку намецілася знясіленне, піша dialog.ua.
Уплывовы OSINT-праект DeepState пацвярджае, што Сілы абароны Украіны прысутнічаюць у паўночнай і ўсходняй частках Пакроўска. Каля паловы населенага пункта — гэта шэрая зона, то-бок там ідуць актыўныя баявыя дзеянні.
Пуцін паспяшаўся абвясціць пра захоп Пакроўска, каб прадэманстраваць свой ваенны поспех на фоне перамоў з Вашынгтонам па «міРным плане». Але рэальная сітуацыя на фронце аказалася далёкай ад заяўленага Крамлём. І гэта прызнаюць не толькі ўкраінскія і міжнародныя ваенныя эксперты, але і расійскія Z-каналы.
Пад кантролем Сіл абароны Украіны не толькі частка Пакроўска, але і суседні Мірнаград, нягледзячы на лютыя спробы Узброеных Сіл РФ прарваць там абарону.
Паводле ацэнак DeepState, за тыдзень у ваколіцах Пакроўска і Мірнаграда Расія прасунулася прыкладна на 33 кв. км, але амаль палова тэрыторыі горада па-ранейшаму застаецца шэрай зонай, а на поўначы захоўваюцца пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў. Агульнае тыднёвае павелічэнне ўздоўж усёй лініі фронту склала каля 92 кв. км — гэта самы сціплы паказчык за апошнія пяць тыдняў.
Ваенныя эксперты лічаць, што армія РФ пачала запавольвацца, бо Сілам абароны Украіны ўдалося стабілізаваць сітуацыю на крытычных участках. Перш за ўсё гаворка пра раёны Валчанска, Гуляйполя і таго ж Пакроўска. Акрамя таго, скончыліся туманы, дзякуючы чаму Сілы абароны Украіны пачалі больш актыўна выкарыстоўваць дроны на полі бою.
Тым не менш агульная карціна застаецца складанай для Украіны.
Заява пра «ўзяцце Пакроўска» стала не першым прыкладам, калі расійскае кіраўніцтва абвяшчае пра перамогі, якія не пацвярджаюцца фактамі. У Крамлі адначасова паведамілі пра захоп Валчанска, але карты DeepState паказваюць, што прыкладна трэць горада застаецца пад кантролем Украіны.
Аналагічная сітуацыя назіраецца з Часавым Яром. Пуцін заявіў пра яго «вызваленне» яшчэ летам, аднак значная частка гарадской тэрыторыі ўсё яшчэ кантралюецца ўкраінскімі войскамі.
Нядаўнія словы Пуціна пра тое, што «Купянск фактычна ўжо знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў», таксама не адпавядаюць сапраўднасці. Паводле звестак аналітыкаў, палова горада застаецца незахопленай.