У Мінску з аўкцыёну прадаюць кватэры з жыльцамі
- 8.12.2025, 17:06
Колькі каштуюць кватэры даўжнікоў?
Страціць дах над галавой можна незалежна ад таго, ці арандуеш ты жыллё, ці валодаеш ім. Не плаціш за камуналку — страціш кватэру. Адразу тры прыватныя кватэры з молатка прадае адміністрацыя Маскоўскага раёна. Зарэгістравацца на таргі можна да 31 снежня, а сама гонка пачнецца акурат на Каляды — 6 студзеня 2026-га аб 11-й гадзіне раніцы, піша Onlíner.
Дзве кватэры знаходзяцца ў чатырохпавярховых хрушчоўках, якія разменялі сёмы дзясятак. Двушка па адрасе вул. Волаха, 33—22, плошчай 42,4 м2 размешчаная на другім паверсе дома, што з’явіўся ў 1962 годзе. Цана на яе стартуе з 206 тысяч беларускіх рублёў (альбо $71,282 тыс. па курсе).
Трохпакаёўка на вул. Чыгуначнай, 126—32, яшчэ на год старэйшая (дом пабудаваны ў 1961-м). З 56,8 м2 новы ўладальнік можа набыць толькі палову — за даўгі прадаецца ½ долі. Кватэра на апошнім паверсе чатырохпавярхоўкі, але не пад самай страхой — у доме ёсць гарышча. За жыллё на старце хочуць 96 тысяч 300 рублёў (прыблізна $33 тысячы ў эквіваленце).
Аднапакаёвая кватэра на Дзяржынскага, 80—72, адносна маладая — дом датуецца 2008-м. 43,3 м2 знаходзяцца на трэцім паверсе дзевяціпавярхоўкі і ацэньваюцца ў 210 тысяч рублёў (крыху больш за $72,6 тысячы).
У сярэднім метр у кватэрах, дзе ў ўласнікаў не хапіла грошай на «камуналку», абыдзецца ў $2000, таму разлічваць на праднавагоднюю распродажу ўдзельнікам аўкцыёну не выпадае.
Камунальныя даўгі не пераходзяць да новага ўласніка, нагадала Таццяна Войнава, начальніца аддзела прававой і кадравай працы ЖРЭО Маскоўскага раёна г. Мінска:
— Заключаецца дагавор куплі-продажу, грошы паступаюць на рахунак адміністрацыі раёна, і з гэтай сумы пагашаюцца ўсе даўгі па ЖКП і аплата спадарожных працэдур.
Спецыялістка дадала, што ў сталічным жыллі, якое прадаецца па рашэнні суда за даўгі, як правіла, зарэгістраваны 1–2 чалавекі, і праблем з купляй ім новага жылля (меншай плошчы) у Мінску не ўзнікае. Хоць закон і дазваляе перасяляць даўжнікоў за межы горада, за больш чым дзесяць гадоў працы такога яшчэ не здаралася.
— Мы выступаем як апошняя інстанцыя, калі ў РСЦ ужо прынялі ўсе магчымыя меры для спагнання даўгоў з жыльцоў (якія не плацяць больш за шэсць месяцаў). Уласніку даецца год да ўступлення ў сілу рашэння суда на пагашэнне запазычанасці. Калі гэтага не адбываецца, то РСЦ дасылае нам пакет дакументаў для падачы іскавай заявы ў суд аб продажы з публічных таргоў, — нагадала прынцып працы з маёмасцю неплацельшчыкаў Таццяна Войнава. — І пакуль ім не набудуць іншае жыллё (на гэта даецца два месяцы пасля продажу), за даўжнікамі-ўласнікамі застаецца права жыць у сваёй ранейшай кватэры.
Кожны ахвотны ўзяць удзел у таргах абавязаны ўнесці задатак у 10% ад стартовай цаны ўпадабанага лота (сумы адпаведна — 20 600, 9630 і 21 000 рублёў). А як інакш пацвердзіць, што ты плацежаздольны, а не з пустой цікаўнасці «зайшоў» на электронную пляцоўку?
Калі ў гонцы не перамог, задатак вернуць цягам пяці дзён, а калі выйграў, але перадумеў купляць, у справу ўключаюцца штрафныя санкцыі. У выпадку з купляй паловы кватэры на Чыгуначнай гэта 20% ад пачатковага кошту лота, а штраф за невыкуп метраў у дамах на Волаха і Дзяржынскага — па 30 тысяч.
Дарэчы, крок электронных таргоў — 5% ад стартовай сумы — прыблізна 5000 рублёў за палову кватэры і 10 000 — за цэлыя.