Беларуская пенсіянерка аддала махлярам 100 000 рублёў
- 8.12.2025, 16:08
Яна паверыла ў папулярную схему падману.
Пенсіянерка з Мінскага раёна стала ахвярай махляроў, якія дзейнічалі паводле знаёмай схемы. Ёй патэлефанавалі фэйкавыя «супрацоўнікі» «Белтэлекама» і падманам прымусілі перадаць грошы — жанчына аддала невядомым больш за 100 000 рублёў, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».
Махляры дзейнічалі паводле добра адпрацаванай схемы, пра якую мы пісалі не раз. Беларусцы патэлефанавалі невядомыя і прадставіліся супрацоўнікамі «Белтэлекама». Пад выглядам падаўжэння дамовы яны вывудзілі пашпартныя даныя жанчыны. Праз пэўны час з пенсіянеркай звязаўся чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам праваахоўных органаў, — ён заявіў, што яна размаўляла з махлярамі, якія ўжо выкарыстоўваюць яе даныя і ад яе імя здзяйсняюць незаконныя фінансавыя аперацыі. Жанчыну напалохалі магчымым крымінальным пераследам і запатрабавалі выконваць інструкцыі. Потым да размовы падключыўся нібыта работнік банка, які пераканаў беларуску перадаць усе свае зберажэнні для «дэкларавання» і абяцаў усё вярнуць.
Як паведамляецца, жанчына аддала прыбыламу кур’еру больш за 100 000 рублёў у эквіваленце, пасля чаго з ёй перасталі выходзіць на сувязь. Супрацоўнікі праваахоўных органаў распачалі крымінальную справу.