Рэжым хавае атакі расійскіх дронаў па Беларусі
- 8.12.2025, 11:58
Толькі ў Брэсцкай вобласці ўпала больш за 40 беспілотнікаў — частка была начыненая выбухоўкай.
У Брэсцкім аблвыканкаме нядаўна адбылася каардынацыйная нарада, прысвечаная «павышаным рызыкам, выклікам і пагрозам для нацыянальнай бяспекі, звязаным з правядзеннем на тэрыторыі Украіны СВА».
BELPOL атрымаў у сваё распараджэнне дакумент, які дазваляе ўбачыць рэальную карціну таго, што адбываецца — і яна выклікае сур'ёзныя пытанні да дзеянняў беларускага рэжыму.
42 падзенні за год і выбухоўка на борце
Паводле дакумента, пачынаючы з 2025 года, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці зафіксавана 42 выпадкі падзення БПЛА, а таксама падзення іх складовых частак. Асабліва непакоіць тое, што тры з гэтых БПЛА былі снараджаныя выбуховымі рэчывамі:
адзін беспілотнік здэтанаваў пры падзенні,
два былі абясшкоджаныя сапёрамі шляхам кантраляванага падрыву.
Паходжанне БПЛА ўстаноўлена следствам
Дакумент таксама пацвярджае: матэрыялы праверак па фактах выяўлення БПЛА знаходзяцца на разглядзе ў Упраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.
Па стане на 01.12.2025 па 27 матэрыялах праверкі было прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па п. 1 ч. 2 арт. 29 КПК — то бок за адсутнасцю складу злачынства.
Падобнае рашэнне следства магло вынесці толькі ў тым выпадку, калі прыналежнасць БПЛА да Узброеных Сіл Расіі была дакладна ўстаноўлена.
Нягледзячы на прамую пагрозу бяспецы грамадзян, рэжым не прад'яўляе Расіі ніякіх прэтэнзій і робіць усё, каб гэтая інфармацыя не стала публічнай.
Падыход да расследавання падобных здарэнняў паказвае, што нават надзвычайныя сітуацыі, якія патэнцыйна маглі прывесці да гібелі людзей, будуць замоўчвацца. Распаўсюджванне інфармацыі, якая мае грамадскую значнасць, прысякаецца любой цаной.
Паводле дадзеных BELPOL, маштабы падзенняў БПЛА на Гомельскім напрамку могуць быць яшчэ большымі, што робіць праблему сістэмнай.