Дональду Трампу нагадалі пра лёс лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага
- 8.12.2025, 11:49
Беларускія актывісты правялі пікет перад Белым домам.
6 снежня ў Вашынгтоне перад Белым домам валанцёры магілёўскай каманды праваабарончага цэнтра «Вясна» MAYDAY і беларускія актывісты правялі пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага.
Падчас пікету ўдзельнікі заклікалі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыкласці намаганні для вызвалення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру.
«Мы ведаем, што Злучаныя Штаты за апошні год дасягнулі пэўных поспехаў у пытанні вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Пікетам мы хацелі нагадаць пра Алеся Бяляцкага, заснавальніка і кіраўніка ПЦ «Вясна», які з палітычных прычын дагэтуль утрымліваецца пад вартай за сваю праваабарончую дзейнасць. Мы спадзяёмся, што адміністрацыя Трампа зробіць усе магчымае, каб лаўрэат Нобелеўскай прэміі як мага хутчэй апынуўся на свабодзе», — прыводзіць словы аднаго з удзельнікаў пікету MAYDAY.TEAM.
Праваабаронцы нагадваюць, што ў ліпені гэтага года былыя беларускія палітвязні-праваабаронцы накіравалі праз прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла зварот да Дональда Трампа, каб ён прыклаў намаганні для вызвалення Алеся Бяляцкага.
Як вядома, 11 верасня беларускі рэжым вызваліў 51 палітвязня, але сярод іх не было Алеся Бяляцкага.