Палітычнае жыццё без Ярмака толькі пачынаецца
- Уладзімір Фесенка
- 8.12.2025, 11:25
Наперадзе шмат цікавых падзей і новых палітычных тэндэнцый.
Украіна ўжо больш за тыдзень жыве без Ярмака. На думку многіх, ён быў ледзь не вызначальным элементам сістэмы ўлады, уплываў амаль на ўсё. І што?
Але ўсё ў парадку. Краіна жыве і працуе. Ідуць перамовы з амерыканцамі. Як высветлілася, гэта магчыма і без Ярмака. І нават Офіс Прэзідэнта працуе, хоць пераемніка Ярмака дагэтуль не прызначылі. Не адбылося ні ўпраўленчай, ні палітычнай катастрофы. Ды і не павінна было адбыцца. Многія пачынаюць разумець, што рэальны палітычны ўплыў Ярмака быў значна перабольшаны. З другога боку, таксама відавочна, што пасля сыходу Ярмака не адбылося нейкага палітычнага цуду. Краіна застаецца прыблізна ў тым жа стане, з тымі ж праблемамі, што і раней (хіба што за выключэннем праблемы самога Ярмака).
І невыпадкова ўжо пачалася дыскусія пра тое, што хоць Ярмака і няма на высокай пасадзе, ён нібыта застаецца (ці за кулісамі, ці фігуральна, як пэўны «калектыўны Ярмак»). Гэтая дыскусія мае або чыста канспіралагічнае вымярэнне, або публіцыстычна-тэарэтычнае значэнне. Таму пакуль устрымаюся ад удзелу ў дэбатах пра «цень Ярмака» ва ўкраінскай уладзе.
Лепш і карысней звярнуць увагу на канкрэтныя падзеі, якія характарызуюць палітычнае жыццё без Ярмака.
Галоўная падзея, якая пакуль не адбылася, — няма новага кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны. Судзячы з заяваў Уладзіміра Зяленскага, ён ужо сустрэўся з усімі патэнцыйнымі кандыдатамі на гэтую пасаду. Некаторыя нават пайшлі на другі круг такіх кансультацый. Рашэнне чакалася 5 снежня. Але не адбылося.
Падаецца, што прэзідэнт вельмі вагаецца. Ён выбірае не толькі паміж асобамі. Гэта і выбар наступнай мадэлі адміністравання ягонай палітыкі.
Цалкам магчыма, што Зяленскі хацеў бы мець такога ж універсальнага адміністратара, памочніка і перамоўніка, якім спрабаваў быць Ярмак, але без яго таксічнасці і канфліктнасці. Аднак любы з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка Офіса Прэзідэнта будзе іншым і з пункту гледжання сваіх асобасных і палітычных якасцяў, і з пункту гледжання яго ўспрымання ўнутры Украіны, а таксама з боку нашых міжнародных партнёраў. Займацца амаль усім не атрымлівалася і ў Ярмака. І наўрад ці да гэтага імкнуцца патэнцыйныя кандыдаты на ролю галоўнага адміністратара ў камандзе прэзідэнта Зяленскага. Ды і не атрымаецца, калі хтосьці гэтага захоча. І ўнутрыпалітычная сітуацыя істотна змяняецца, і міжнародныя абставіны становяцца больш складанымі. Галоўнае, што ніхто не хоча новага Ярмака.
Калі на пасаду кіраўніка Офіса Прэзідэнта выбіраць прафесійнага вайскоўца, то гэта акцэнт на функцыі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага; калі прафесійнага дыпламата — то акцэнт на перамовах і знешнепалітычных функцыях. Але цяпер значна ўзрастае патрэба ў рэгуляванні ўнутрыпалітычных праблем і выклікаў. Хто гэтым будзе займацца? Таму прэзідэнту Зяленскаму давядзецца абапірацца не на кагосьці аднаго, а на групу сваіх бліжэйшых паплечнікаў, кожны з якіх будзе адказваць за асобны стратэгічна важны напрамак. Насамрэч прэзідэнту Украіны, магчыма, мае сэнс стварыць нешта накшталт «хатняга кабінета» (умоўнага «палітбюро») для прыняцця найважнейшых рашэнняў, якія дазвалялі б утрымліваць баланс палітычных інтарэсаў па розных выкліках — вайсковых, перамовных, бяспековых, унутрыпалітычных, сацыяльна-эканамічных. Але ці гатовы да гэтага Уладзімір Зяленскі?
Яшчэ адна прычына, чаму дагэтуль няма рашэння пра новага кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны, — не кожны патэнцыйны кандыдат на гэтую пасаду імкнецца яе атрымаць. Хутчэй наадварот. Пасада кіраўніка Офіса ўспрымаецца (пасля Ярмака) як таксічнае месца, якое можа разбурыць далейшую палітычную кар’еру. А нехта не хоча губляць свой «феадальны дамен», дзе ён і цар, і бог, і вайсковы начальнік. Што цікава, амаль усе мае інфармаваныя суразмоўцы, з якімі я абмяркоўваў апошнім часам тэму кадравых прызначэнняў (не толькі на пасаду кіраўніка Офіса Прэзідэнта), амаль у адзін голас казалі, што калі прэзідэнт асабіста просіць прыняць яго прапанову, то адмовіць практычна немагчыма. Але тады ці прэзідэнт просіць недастаткова настойліва, ці яшчэ не просіць, а толькі пытаецца, або патэнцыйны кандыдат знаходзіць вельмі істотныя аргументы, чаму яго нельга перамяшчаць з цяперашняй пасады на іншую.
Аднак у чым пазітыў цяперашняй сітуацыі, калі няма новага кіраўніка Офіса Прэзідэнта?
Па-першае, Уладзімір Зяленскі прывыкае жыць і працаваць без Ярмака. Ён вымушаны падладжвацца пад новую рэальнасць і ў пэўнай ступені перабудоўваць кіраўнічыя і палітычныя механізмы. Галоўная кнопка на яго пульце кіравання ўжо не працуе, новая яшчэ не з’явілася. І, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца новы і больш складаны «пульт кіравання».
Але яшчэ больш важна тое, што кіраўнічая сістэма і палітычнае асяроддзе хутка прыстасоўваюцца жыць без Ярмака. Пакуль не зусім зразумела, што і як будзе далей, але працэсы перабудовы палітычных адносінаў ужо пачаліся.
У гэтым кантэксце знакавымі былі падзеі, што адбыліся трэцяга снежня.
Падзея першая — прыняцце дзяржбюджэту на 2026 год. Адбылося гэта яксьці па-штодзённаму, без вялікага шуму, нечакана хутка і без асаблівых праблем. Сам бюджэт не ацэньваю. Пытанняў і заўваг да яго шмат, нават вельмі. Але з пункту гледжання вызначальных тэндэнцый палітычнага жыцця без Ярмака значным з’яўляецца сам факт прыняцця парламентам дзяржбюджэту. Гэта заўсёды адно з ключавых галасаванняў у парламенце. Ва многіх дэмакратыях гэтае галасаванне прыраўноўваецца да вотуму даверу ўраду.
Пачаткам снежня здавалася, і пра гэта шмат гаварылі вядомыя парламенцкія інсайдары, што галасоў за бюджэт няма, што фракцыя «Слуга народа» на мяжы калапсу і страты статуса парламенцкай большасці. Але адбылося інакш.
За бюджэт прагаласавалі 257 дэпутатаў, у тым ліку 193 дэпутаты з фракцыі «Слуга народа». То-бок спрацавала і сітуацыйная большасць, за кошт якой прымаецца большасць парламенцкіх рашэнняў яшчэ з восені 2021 года, і абсалютная большасць дэпутатаў прэзідэнцкай фракцыі прадэманстравалі сваю лаяльнасць. Звычайна лаяльнае прэзідэнту ядро фракцыі «Слуга народа» складае 170–175 дэпутатаў. Каб у «Слуг» прагаласавала больш за 190 дэпутатаў, трэба праводзіць дадатковую мабілізацыю галасоў унутры фракцыі, і гэта заўсёды няпроста. За бюджэт галасы «Слуг» сабралі амаль па максімуме.
Гэтае галасаванне паказала, што кіраўніцтва парламента і кіраўніцтва прапрэзідэнцкай фракцыі захоўваюць кантроль над парламентам, а таксама над абсалютнай большасцю дэпутатаў прэзідэнцкай партыі і забяспечваюць прыняцце неабходных рашэнняў. Што вельмі паказальна, гэта адбылося пры адсутнасці прэзідэнта Зяленскага ва Украіне і без умяшання Офіса Прэзідэнта. Ключавую ролю ў гэтым адыгралі старшыня парламента Руслан Стефанчук і, асабліва, кіраўнік парламентскай фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія.
Давід Арахамія пацвердзіў сваю рэпутацыю вельмі эфектыўнага перамоўніка ўнутры парламента. Праз прыняцце бюджэту на 2026 год Стефанчук і Арахамія фактычна паслалі прэзідэнту Зяленскаму сігнал пра сваю лаяльнасць, але таксама паказалі, што яны могуць забяспечваць кантроль над парламентам і без умяшання Офіса Прэзідэнта. Але гэта не будзе адбывацца аўтаматычна. Адпаведна, з імі (і з фракцыяй у цэлым) трэба лічыцца і дамаўляцца.
Тым не менш, у Вярхоўнай Радзе застаюцца даволі моцныя міжпартыйныя супярэчнасці (апазіцыя па-ранейшаму хоча стварэння кааліцыйнага ўрада), складанай застаецца і сітуацыя ўнутры фракцыі «Слуга народа». Наколькі стабільнай будзе сітуацыя ў парламенце далей, мы ўбачым тады, калі Вярхоўная Рада будзе галасаваць за прызначэнне некалькіх новых міністраў.
Трэцяга снежня адбылася яшчэ адна знакавая падзея. Кіеўскі апеляцыйны суд вызваліў дэтэктыва НАБУ Руслана Магамедрасулава з СІЗА, у якім той знаходзіўся пяць месяцаў. У раптоўнае праяўленне судовай справядлівасці я нешта слаба веру. Гэта або кулуарныя дамоўленасці «сілавікоў» (калі няма фактара Ярмака), або жэст прымірэння з боку СБУ і пракуратуры ў дачыненні да НАБУ (маўляў, Ярмака ўжо няма, давайце спыняць «вайну», у якой нас выкарыстоўвалі). Але таксама звярну ўвагу, што справы па дэтэктывах НАБУ не закрытыя канчаткова. То-бок гаворка пра гатоўнасць да «перамір’я», а не пра поўную адмову ад супрацьстаяння, якое ўзнікла некалькі месяцаў таму. Як я разумею, яшчэ не ўсе праблемы паміж «сілавікамі» высветлены. І праблемы былі не толькі ва ўплыве Ярмака.
Так ці інакш, палітычнае жыццё без Ярмака толькі пачынаецца. Наперадзе шмат цікавых падзей і новых палітычных тэндэнцый.
Уладзімір Фесенка, Facebook