Лукашэнка перапыніў сваё турнэ з-за праблем са здароўем
- 8.12.2025, 17:49
Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў, што візіты ў шэраг краін давялося адкласці.
Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў распавёў, як планавалася доўгае турнэ Лукашэнкі.
Узурпатар вярнуўся з 12-дзённага турнэ 7 снежня. Ён наведаў Кыргызстан, М’янму, Алжыр і двойчы Аман. Пры гэтым перамовы ў апошняй краіне выглядалі дзіўна і паўсакрэтна.
Рыжанкоў распавёў СТВ, што такі маршрут скласці было складана. У тым ліку з-за праблем са здароўем узурпатара.
«З чаго пачынаць? Як сумясціць краіны? Гэта вельмі складанае пытанне. Пытанне вельмі складанае і для пратаколу (пратакольнай часткі), і ў палітычным плане. Вы абсалютна маеце рацыю, калі казалі, што для некаторых краін мае значэнне, калі ты прыязджаеш у рэгіён — куды паедзеш першым.
Некаторыя прэтэндуюць, каб ехалі толькі да іх. Іншыя краіны, у якіх, можа быць, адносіны не вельмі добрыя з тымі, куды мы едзем, таксама не вельмі хацелі б, каб мы прыляталі да іх з нядружалюбнай краіны або адляталі ад іх у нядружалюбную краіну», — адзначыў Рыжанкоў.
Але яшчэ адзін важны момант — гэта здароўе 71‑гадовага дыктатара. МЗС цяпер вымушаны таксама ўлічваць і гэты аспект.
«Мы ж разумеем, што наш «прэзідэнт» хоць і жалезны, але ўсё роўна чалавек. Таму нам трэба выканаць яшчэ мінімальныя рэчы, звязаныя з нейкім невялікім адпачынкам для яго, каб часавыя паясы не былі занадта драматычнымі для здароўя. Каб была магчымасць падрыхтавацца да кожнай сустрэчы, каб не было вялікай розніцы ў кліматычных рэчах», — падзяліўся Рыжанкоў.
Кіраўнік МЗС дадаў, што ў турнэ планаваліся яшчэ некалькі краін. Называць іх ён не стаў, але адзначыў, што іх перанеслі на першы квартал наступнага года.