У Мінску прыбяруць газавыя калонкі з усіх жылых дамоў
- 7.12.2025, 23:21
Чым іх заменяць?
У сталіцы сур'ёзна задумаліся пра ліквідацыю газавых ваданагравальных калонак. І гэты працэс ужо запушчаны. Пра тое, што ўжо зроблена і што яшчэ плануецца, расказала генеральная дырэктарка «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Марына Толсцік, піша «Мінск-Навіны».
Паводле слоў спецыялісткі, па стане на канец 2025-га ў Мінску на абслугоўванні прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі знаходзіцца больш за 4500 жылых дамоў. Пры гэтым, калі дадаць да гэтай лічбы яшчэ і таварыствы ўласнікаў, то жылых будынкаў будзе каля 7 000.
Газавымі ж ваданагравальнымі калонкамі з іх абсталявана каля 520. Ад усіх іх плануюць адмовіцца падчас капітальных рамонтаў.
«Пачынаючы з 2024 года, пры правядзенні капітальных рамонтаў мы разам з энергетыкамі разглядаем магчымасць іх пераводу на электрычнае або цэнтральнае гарачае водазабеспячэнне. Ужо ёсць паспяхова рэалізаваныя праекты, і ў праграму 2026–2030 гадоў уключана яшчэ каля 60 дамоў», — дзеліцца падрабязнасцямі спецыялістка.
Асноўнай праблемай пры рэалізацыі праграмы Марына Толсцік лічыць магчымыя тэхнічныя моманты, у тым ліку звязаныя з павелічэннем нагрузкі на энергасеткі. Тым не менш гендырэктарка «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» ўпэўненая, што такія крокі неабходныя, каб людзі маглі «жыць з сучаснымі выгодамі».