Украіна замарозіла актывы галоўнага алігарха Прыднястроўя
- 7.12.2025, 17:35
Віктара Гушана звязваюць з пастаўкамі для расійскай ваеннай вытворчасці.
Украіна замарозіла частку актываў галоўнага алігарха Прыднястроўя Віктара Гушана, які з'яўляецца саўзаснавальнікам холдынгу «Шэрыф».
Пра гэта гаворыцца ў журналісцкім расследаванні Zona de Securitate.
Рашэнне аб замарожванні актываў Гушана прынялі пасля таго, як пракуратура ўстанавіла, што звязаныя з ім кампаніі пастаўлялі тавары і паслугі для ваенна-прамысловага комплексу РФ.
Журналісты спасылаюцца на рашэнне ўкраінскага суда, з якога вынікае, што набліжаныя да Гушана структуры былі звязаныя з расійскай ваеннай вытворчасцю, у прыватнасці праз завод «Молдавизолит» у непрызнаным Прыднястроўі.
Украінскія следчыя сцвярджаюць, што падчас вайны гэты завод адыгрываў важную ролю ў ланцужку паставак матэрыялаў для абароннай прамысловасці Расіі.
Расследаванне таксама раскрывае ключавых асоб, датычных да гэтага механізму, спосаб стварэння пасярэдніцкіх кампаній у Расійскай Федэрацыі і прамыя сувязі, якія, верагодна, вядуць да холдынгу «Шэрыф».
Як адзначаецца, Украіна працягвае расследаванне, а меры па замарожванні актываў застаюцца ў сіле на працягу ўсяго працэсу.
Холдынг «Шэрыф» заняў практычна манапольнае становішча ў Прыднястроўі, кантралюючы сферу гандлю, нафтавы рынак, тэлекамунікацыі і сродкі масавай інфармацыі. Кампанія валодае аператарам мабільнай сувязі «Інтэрднестрком», Ціраспальскім віна-каньячным заводам, банкам «Аграпрамбанк», тэкстыльнай фабрыкай «Тыротэкс», тэлеканалам ТСВ, казіно, футбольным клубам, спартыўным комплексам, шэрагам аўтасалонаў і сеткай заправаў.
Стан Віктара Гушана, паводле розных звестак, ацэньваецца ў 2 мільярды долараў.