BE RU EN

Лукашэнка зганьбіўся ў ролі Яшкі-артылерыста

  • 7.12.2025, 17:03

Той выпадак, калі лепш маўчаць, чым гаварыць.

Кіраўнік Беларусі нядаўна агучыў новы прагноз наконт заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. «Салідарнасць» узгадвае, што ён казаў раней, і ці знайшлі яго словы адлюстраванне ў рэчаіснасці.

Колькі з прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі аказаліся дакладнымі? Прапануем чытачам загадаць лік (падказка — гэта дакладна не «нуль») і даведацца з тэксту, ці правільная іх здагадка.

«Вайна працягнецца максімум тры–чатыры дні»

Напярэдадні нападу Расіі на Украіну, на пачатку лютага 2022-га Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандысту Уладзіміру Салаўёву упэўнена заявіў:

– Украіна ніколі з намі не будзе ваяваць: гэтая вайна працягнецца максімум тры–чатыры дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца…

«У найбліжэйшы час будзе развязка»

У верасні 2022-га кіраўнік таксама не сумняваўся, што вайна хутка скончыцца:

– У найбліжэйшы час будзе развязка… Усё ва Украіне залежыць ужо не ад прэзідэнта. Залежыць ад вайскоўцаў. Яны там гінуць. Яны бачаць, што гэта бесперспектыўна. Заходняя Украіна — палякі ўжо рукі патіраюць. Палякам далі права там кіраваць Украінай. Вы што, зусім звар’яцелі? Украіну дзеляць.

«Далей будзе поўнае знішчэнне Украіны»

Праз два месяцы, калі ўкраінскія войскі ўжо правялі паспяховае «Харкаўскае контрнаступленне» і вярнулі пад свой кантроль Херсон, кіраўнік Беларусі працягваў гнуць сваю лінію, запалохваючы ўлады суседняй краіны:

– Цяжка, складана, але трэба спыніцца, трэба гэта спыніць, бо далей будзе поўнае знішчэнне Украіны.

«Ва Украіне мы скончым гэтую вайну. Да гэтага ўжо вялікія перадумовы»

Да лета 2023-га ўпэўненасці ў Лукашэнкі, які стаў на бок Расіі, паменела. Пасля паўтара года баявых дзеянняў Украіна не здалася і здавацца не збіралася. Прагноз палітыка, які прадугледжваў хуткую развязку, больш нагадваў адчайную надзею:

– Я не прарок, але ва Украіне мы скончым гэтую вайну. Да гэтага ўжо ёсць вялікія перадумовы.

«Не, вайна ў гэтым годзе не скончыцца»

У кастрычніку 2024 года расійская прапагандыстка Вольга Скабеева спыталася ў Лукашэнкі: «Думаеце, вайна хутка скончыцца? Як бачыце перспектыву?»

Той адказаў: «Аля, хутка, не хутка — гэта ж не час. Калі б ты сказала, што ў гэтым годзе, я б сказаў: «Не, вайна ў гэтым годзе не скончыцца».

Трэба адзначыць, што з гэтым прагнозам Лукашэнка не надта рызыкаваў: да канца года заставалася крыху больш за два месяцы, а перамовачны працэс на той момант адсутнічаў.

«Святло ў канцы тунэля з’явіцца ў гэтым годзе»

У студзені 2025-га кіраўнік Беларусі зноў наважыўся агучыць свой прагноз:

– Сёлета нейкая развязка будзе. Я не кажу, што вайна скончыцца і іншае. Канфліктаваць, напэўна, яшчэ доўга будуць. Але развязка будзе. Святло ў канцы тунэля з’явіцца ў гэтым годзе.

Аднак за амаль год развязка так і не наступіла.

«Скончым гэтую цяганіну, я думаю, у найбліжэйшы час ва Украіне»

Самы свежы свой прагноз кіраўнік Беларусі агучыў 24 лістапада на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці РФ — пасля публікацыі новага «мірнага плана Трампа»:

– Скончым гэтую цяганіну, я думаю, у найбліжэйшы час ва Украіне і зоймемся сваімі ўнутранымі справамі, каб нашым людзям жылося лепш і каб яны разумелі, што лепш за нашу зямлю нідзе нічога няма.

Прайшло ўжо два тыдні, але каманда Трампа мала прасунулася.

***

Падсумуем. Хаця прапагандысты сцвярджаюць, што ўзровень інфармаванасці Лукашэнкі пра сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце зашкальвае, на практыцы з сямі яго прагнозаў наконт заканчэння вайны ва Украіне дакладным аказаўся толькі адзін.

Кіраўнік нібыта выступіў у ролі Яшкі-артылерыста са старой кінакамедыі: «Батарэя, агонь! Бац, бац — і міма».

Апошнія навіны