BE RU EN

Сікорскі паставіў на месца Маска пасля яго заклікаў «ліквідаваць ЕС»

  • 7.12.2025, 8:55

Кіраўнік МЗС Польшчы адказаў амерыканскаму мільярдэру.

Амерыканскі мільярдэр Ілон Маск заклікаў да ліквідацыі Еўрапейскага саюза на фоне штрафу, які вынесла Еўракамісія ў дачыненні да яго сацсеткі X.

«ЕС варта ліквідаваць, а суверэнітэт вярнуць асобным краінам, каб урады маглі лепш прадстаўляць інтарэсы сваіх народаў», — напісаў ён.

Не застаўся ўбаку і сакратар Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Палітык з краіны-акупанта падтрымаў гэтую ідэю каментарыем «Менавіта так».

Пазней Маск апублікаваў яшчэ адно паведамленне з правакацыйным пытаннем: «Колькі часу засталося да знікнення ЕС?».

Кіраўнік міністэрства замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адказаў амерыканскаму мільярдэру, «паслаўшы» яго на Марс: «Едзь на Марс. Там няма цэнзуры на нацысцкія вітанні».

Штраф для сацсеткі X

Нагадаем, 5 снежня мы пісалі пра тое, што сацсетка X (раней Twitter), якая належыць амерыканскаму мільярдэру Ілону Маску, атрымала буйны штраф ад Еўракамісіі. Ідзе гаворка пра 120 мільёнаў еўра.

Штраф выпісалі за парушэнне закона Еўрапейскага саюза аб мадэрацыі кантэнту. Вялікую ролю ў пытанні адыгралі і так званыя «сінія галачкі», якімі ў сацсетках пазначаюць верыфікаваныя профілі. Пасля таго як Маск выкупіў Twitter, такую галачку мог атрымаць кожны ахвотны — дастаткова было проста яе аплаціць. І гэта ўводзіла карыстальнікаў у зман.

Таксама Еўракамісія заявіла, што сетка перашкаджала прадастаўленню аналітыкам доступу да даных і не змагла належным чынам арганізаваць рэкламны архіў.

Апошнія навіны