У Мінску прыбіральшчык знайшоў кашалёк з грашыма і паступіў нечакана
- 6.12.2025, 20:31
Учынак учцівага сына не ацанілі.
У Мінску падчас прыбірання недалёка ад кінатэатра «Масква», мужчына знайшоў кашалёк з грашыма. Ён забраў наяўныя, а астатняе выкінуў. Пра гэта піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на даныя пракуратуры.
Паводле даных следства, мужчына працаваў прыбіральшчыкам на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў. Падчас прыбірання каля кінатэатра «Масква» ён знайшоў кашалёк. Унутры былі 1500 рублёў, абанемент у фітнес-клуб і банкаўскія карты. Грошы мінчанін забраў, а кашалёк выкінуў у урну.
Знойдзеныя сродкі мужчына аддаў маці — сказаў, што атрымаў заробак і матэрыяльную дапамогу. Родзічы выкарысталі іх на памінкі па памерлым галаве сям'і.
Праз некаторы час асобу прыбіральшчыка ўстанавілі па запісах камер відэаназірання, пасля чаго з ім звязаліся супрацоўнікі міліцыі. У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу.
«Абвінавачаны раней ужо меў праблемы з законам — судзімасць пагашана, — заявіў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Віктар Шубіч. — Яму прад'яўлена абвінавачанне ў тайным выкраданні маёмасці (крадзяжы), гэта значыць у злачынстве, прадугледжаным ч. 1 арт. 205 КК, санкцыя якой — аж да трох гадоў пазбаўлення волі. Віну грамадзянін поўнасцю прызнаў, у зробленым раскаяўся, прычыненую пацярпеламу шкоду добраахвотна кампенсаваў».
Цяпер мінчанін знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.