Буданаў: Украінскія ўдары наносяць Расіі больш страт, чым усе сусветныя санкцыі
- 6.12.2025, 18:48
У найважнейшай галіне знішчана 1/5 усяго патэнцыялу.
Страты ад украінскіх атак для РФ значна большыя, чым усе санкцыі заходніх краін. Пра гэта заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў падчас форума «выСтоим», перадае «Новини.LIVE».
«Калі мы кажам пра 18, 20, 21% нафтаперапрацоўчай галіны РФ (якая была пашкоджаная), то гэта не зусім карэктнае выказванне. Правільна казаць — пра нафтаперапрацоўку ў катэгорыі «бензін», дзе мы сапраўды нанеслі больш за 20% страт РФ. Гэта вельмі балюча для фінансавага стану краіны, бо гэта 1/5 усяго патэнцыялу», — адзначыў ён.
У той жа час Буданаў падкрэсліў, што трэба разумець: украінскія ўдары па бензінавай галіне ўплываюць на грамадства, фінансава-эканамічны стан дзяржавы, здольнасць далей планаваць бюджэты і таму падобнае.
«Але на тэмп вядзення вайны гэта, на жаль, асабліва ўплываць не можа. Па-першае, вайсковая тэхніка працуе ў асноўным на дызельным паліве. Па-другое, Расія такая краіна, у якой людзі будуць хадзіць пешшу і грызці хлеб, але ў армію ўсё неабходнае будзе паступаць. Гэта нам трэба ўсім ўсвядоміць і шчыра прызнаць», — дадаў кіраўнік ГУР.
У сваю чаргу Буданаў лічыць, што гэты паказчык у 20% трэба ўтрымліваць, а таксама яго можна павялічыць да 30%, што з’яўляецца больш-менш рэалістычнай задачай.