Лукашэнку сапсавалі настрой
- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 6.12.2025, 16:03
Лічба і факт, з якімі складана спрачацца.
Лукашэнкаўская прапаганда любіць распавядаць, як нашы заходнія суседзі «мучацца пад брусэльскім чобатам». У фантазіях прапагандыстаў польскія настаўнікі ледзь зводзяць канцы з канцамі, у «Biedronka» і «Żabka» страшна зайсці з-за «шаленых» цэн, а ўжо мясцовая медыцына...
На гэтым тыдні з’явіліся дзве навіны пра Польшчу, здольныя сапсаваць настрой «разаблачальнікам» на дзяржаўных стаўках.
Навіна першая — Беларусь прайграе амаль усім краінам-суседкам па памеры мінімальнай зарплаты. І гэта не адставанне на 5–10%. Для параўнання: у 2025 годзе беларуская «мінімалка» складае 726 рублёў у месяц.
А ў краінах-суседках, што ўваходзяць у ЕС, у пераліку на беларускія рублі, сітуацыя выглядае так: Латвія — каля 2529 беларускіх рублёў, Літва — 3547, Польшча — 3743. Іншымі словамі, «няшчасныя» палякі атрымліваюць мінімальную зарплату ў пяць разоў больш, чым беларусы. Дададзім сюды прыкметна большую пакупніцкую здольнасць нашых суседзяў — і карціна становіцца яшчэ больш сумнай.
Навіна другая — Вашынгтон запрасіць Польшчу на саміт G20 у Фларыдзе. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо. Яго словы нагадваюць вядомы мем, ад якога беларусам становіцца сумна. Так, «гэта маглі быць мы з табой, але...»:
Мы будзем рады вітаць за сталом перамоў найбуйнейшыя эканомікі свету, а таксама растучых партнёраў і саюзнікаў. У прыватнасці, Польшча, краіна, якая калісьці знаходзілася за жалезнай заслонай, а цяпер уваходзіць у дваццатку найбуйнейшых эканомік свету, далучыцца да нас, каб заняць сваё законнае месца ў «Вялікай дваццатцы».
І ўся справа ў тым, што пакуль Лукашэнка трыццаць гадоў ставіў эксперыменты над краінай і здаровым сэнсам, дзень за днём заганяючы Беларусь пад крыло былой метраполіі, Польшча паступова рухалася да поспеху, адважыўшыся на пачатку шляху на балючыя, але такія неабходныя рэформы.
І што самае сумнае — апошнія пяць гадоў поспеху суседняй краіны спрыяюць і сотні тысяч беларусаў, якія аказаліся непатрэбнымі ў сябе на радзіме.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»