МКС адмовіўся скасаваць ордэр на арышт Пуціна
- 6.12.2025, 15:11
Нават калі амністыя будзе прапісаная ў мірнай дамове.
Ордэры Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) на арышт Пуціна і яшчэ пяці высокапастаўленых прадстаўнікоў РФ, абвінавачаных у ваенных злачынствах ва Украіне, застануцца ў сіле, нават у выпадку абвяшчэння ўсеагульнай амністыі, пункт пра якую змяшчаўся ў праекце мірнай дамовы Вашынгтона па Украіне. Пра гэта паведамілі ў МКС. Для прыпынення дзеяння выдадзеных судам ордэраў спатрэбіцца асобная рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН, удакладнілі там, піша The Moscow Times.
«Калі будзе дасягнута мірнае пагадненне, якое затым дазволіць Савету Бяспекі папрасіць нас адкласці расследаванне, то гэта … пытанне палітычнага працэсу для Савета Бяспекі. Але што да нас… урэшце, гэта не перашкодзіць ажыццяўленню правасуддзя», — паведаміла ў пятніцу намесніца пракурора МКС Нажат Шамім Хан, спаслаўшыся на асноўны для арганізацыі Рымскі статут.
У 2023 годзе МКС выдаў ордэр на арышт Пуціна за шэраг міжнародных злачынстваў, уключаючы нібыта дэпартацыю і выкраданне дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Разам з прэзідэнтам ордэр на арышт выпісалі на дзіцячую амбудсменку РФ Марыю Львову-Белаву. Таксама МКС абвясціў у вышук былога міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Узброеных сіл РФ Валерыя Герасімава, якія падазраюцца ў меркаваных ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці.
Як адзначыў іншы намеснік пракурора Маме Мандые Ньянга, акрамя згаданага палажэння аб парадку дзеянняў Савета Бяспекі, «мы абавязаныя выконваць наш статут, які не ўлічвае некаторыя з гэтых палітычных дамоўленасцяў».
У лістападзе СМІ апублікавалі першы варыянт мірнай прапановы ЗША з 28 пунктаў. Адзін з пунктаў плана прадугледжваў, што «ўсе бакі, якія ўдзельнічалі ў канфлікце, атрымаюць поўную амністыю за свае дзеянні падчас вайны». Аднак на мінулым тыдні крыніцы ABC News паведамлялі, што са скарочанага праекта міру ЗША, які быў перапрацаваны падчас перамоваў з украінскай дэлегацыяй у Жэневе, выключылі пункт аб амністыі для РФ за ваенныя злачынствы.