Вучоныя: Кава карысная для сну
- 6.12.2025, 14:42
Нечаканы вынік даследаванняў.
Кафеін — найбольш распаўсюджанае псіхаактыўнае рэчыва ў свеце. І не дзіўна: многія адчуваюць сябе лепш, выпіваючы кубак кавы ў дзень, але не пакутуюць ад выяўленага сіндрому адмены, калі забыліся пра ранішні капучына. Аднак вучоныя працягваюць задавацца пытаннямі пра доўгатэрміновыя наступствы рэгулярнага ўжывання «снадоб'я», піша «Нож».
Аўтары новага навуковага артыкула прааналізавалі даныя з біёбанка Вялікабрытаніі. Так, яны атрымалі доступ да інфармацыі пра 485,5 тыс. брытанцаў: у выбарку трапілі і кафеманы, і людзі, якія рэдка ўжываюць прадукты, што змяшчаюць кафеін.
Далей спецыялісты вывучылі вынікі кагортнага даследавання HypnoLaus у Швейцарыі: у ім удзельнічалі 1702 чалавекі. Вучоныя змаглі правесці аналіз аб'ектыўных даных пра якасць сну ўдзельнікаў. Справа ў тым, што аўтары эксперыменту ўжывалі метад палісомнаграфіі — камплекснай рэгістрацыі біяфізіялагічных змяненняў, якія адбываюцца з выпрабоўваным падчас сну.
Аналіз даных паказаў, што людзі, якія рэгулярна ўжывалі шмат кафеіну, у сярэднім спалі менш за іншых удзельнікаў даследаванняў. Так, згодна з рознымі статыстычнымі мадэлямі, прыблізная розніца ў працягласці сну вар'іравала паміж 10 хвілінамі і больш адчувальным адрэзкам часу.
Калі верыць высновам каманды, скарачэнне працягласці сну карэлявала з паляпшэннем яго якасці. Так, запісы актыўнасці мозгу паказалі, што кафеманы лягчэй дасягалі глыбокай фазы сну без хуткіх рухаў вачэй.
«Нашы вынікі не кажуць пра тое, што рэгулярнае ўжыванне кафеіну карыснае або шкоднае для здароўя, — адзначыў Бэнджамін Стакі, сааўтар даследавання з Універсітэцкага каледжа Дубліна. — Больш глыбокі сон можа кампенсаваць скарачэнне яго працягласці, а можа быць наступствам недасыпу, калі арганізм пастаянна даганяе ўпушчанае, што можа быць для яго стрэсам».