Зяленскі звярнуўся да вайскоўцаў
- 6.12.2025, 11:43
Ён нагадаў свой зварот да Узброеных Сіл Украіны ў першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварвання РФ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павіншаваў вайскоўцаў з Днём Узброеных Сіл Украіны. Тэкст і відэа апублікаваў 6 снежня сайт кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Ён нагадаў свой зварот да Сіл абароны ў першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
«Трымайцеся трывала. Вы — усё, што ў нас ёсць! Гэтымі словамі я звяртаўся да нашых воінаў у першы дзень вайны. І вы трымаліся трывала. Трымаліся, калі ў Украіну амаль ніхто не верыў, калі нам казалі: у вас тыдзень, у вас няма шанцаў, у вас няма іншага варыянту, акрамя як здацца. А вы трымаліся. І выстаялі», — сказаў прэзідэнт.
Зяленскі ў роліку назваў шэраг украінскіх байцоў, жанчын і мужчын, якія не былі вайскоўцамі да пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, але пайшлі ў войска і на фронт і аддалі свае жыцці за сваю зямлю. Ён адзначыў, што краіна губляе навукоўцаў, спартсменаў, артыстаў, бізнесменаў, якія маглі б будаваць будучыню.
«Расія б'е не толькі па гарадах — яна разбурае мары. Расія атакуе не толькі домы — атакуе лёсы і будучыню. І не пакідае выбару», — кажа ў роліку кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы працягваюць барацьбу дзеля сваіх дзяцей, бацькоў, каханых і «кожнай маленькай дзяўчынкі, якая амаль кожную ноч у сховішчы», дзеля Украіны, якая «дарослее, навучылася не баяцца, якая не мае права здацца, якая не забудзе і не даруе».
Ён падзякаваў арміі за тое, што дзякуючы ёй палітыкі «маюць упэўненасць за сталом перамоваў», і можна абгрунтавана і з годнасцю працягваць перамовы пра справядлівы мір для Украіны.
«Кожны і кожная — воіны. Кожны і кожная — героі. Кожнага і кожную я віншую з Днём Узброеных Сіл Украіны! Вечная слава вам! Вечная памяць тым, хто аддаў за Украіну сваё жыццё!», — завяршыў віншаванне Зяленскі.