ЗША накіравалі «ядзернага разведчыка» да межаў Расіі
- 6.12.2025, 10:45
Што вядома пра місію самалёта.
Злучаныя Штаты перакінулі ў Японію спецыялізаваны самалёт WC-135R Constant Phoenix, прызначаны для выяўлення радыеактыўных часціц і фіксацыі ядзернай дзейнасці. У чацвер яго зафіксавалі падчас палёту ля ціхаакіянскага ўзбярэжжа Расіі — на курсе, дзе рэгулярна сочаць за патэнцыйнымі ядзернымі выпрабаваннямі, піша Newsweek.
WC-135R, вядомы пад мянушкай «Nuke Sniffer» («Ядзерны сніфер»), збірае цвёрдыя і газападобныя выкіды для кантролю за выкананнем Дагавора аб частковай забароне ядзерных выпрабаванняў. Самалёт часова базуецца ў Японіі пасля разгортвання напрыканцы лістапада.
Палёт адбыўся пасля загаду Уладзіміра Пуціна ацаніць гатоўнасць Расіі да магчымых паўнамаштабных ядзерных выпрабаванняў — у адказ на дырэктыву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб аднаўленні амерыканскіх выпрабаванняў.
Абедзве дзяржавы фармальна застаюцца бакамі двух пагадненняў — Дагавора 1963 года аб забароне атмасферных і падводных выпрабаванняў і Дагавора аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў 1996 года. Аднак усё больш частыя сігналы з Масквы і Вашынгтона сведчаць пра аслабленне рэжыму кантролю над ядзернымі выбухамі.