Тэлевізійная лухта падпалкоўніка КДБ
- Сяргей Грабоўскі
- 6.12.2025, 9:24
Што насамрэч сказаў Пуцін.
Улічваючы ж тое, што ў Індыі блізкі сябра прэм'ера Нарэндры Модзі У. У. Пуцін (гэтую дружбу падкрэсліваюць яны абодва) фігуруе яшчэ і, паводле слоў адной з інтэрв'юерак, як «бясспрэчна, адзін з самых уплывовых палітыкаў свету», чые рашэнні «ўплываюць не толькі на Расію, але і на краіны па ўсім свеце», а сам ён — «прывабная, загадкавая фігура на сусветнай арэне, больш захапляльнага, чым ён, быць не можа», можна смела меркаваць, што інтэрв'ю глядзела не менш чым паўмільярда грамадзян Індыі, якія будуць бачыць расійска-ўкраінскую вайну, яе падставы, перспектывы міру, болей таго — расійскую гісторыю і геапалітыку вачыма падпалкоўніка КДБ Пуціна.
А апошні, як заўжды, хлусіць ва ўсю моц. І гэтая хлусня, убітая ў свядомасць і падсвядомасць паўмільярда людзей (дзейная індыйская ўлада даволі жорстка кантралюе медыяпрастору, альтэрнатыўную інфармацыю атрымаць няпроста), будзе мець сур'ёзную геапалітычную вагу.
І разам з тым Пуцін выдаў нямала праўды пра свае намеры і матывы.
Ітак: мэтай гэтак зв. «СВА» Пуцін назваў «абарону сваіх людзей, якія там пражываюць, абарону нашых традыцыйных каштоўнасцяў, рускай мовы і гэтак далей. Абарону, дарэчы, рэлігіі, якая культывуецца стагоддзямі на гэтых тэрыторыях. А вы ж ведаеце, што Руская праваслаўная царква ва Украіне практычна пад забаронай: адбіраюць храмы, людзей выганяюць з цэркваў… Я ўжо не кажу пра забарону рускай мовы і гэтак далей».
То-бок «абарона рускай мовы» — гэта падстава забіваць дзясяткі тысяч грамадзянскага ўкраінскага насельніцтва — і ўкраінамоўнага, і рускамоўнага. А хто такія «свае людзі»? Тыя, каго Масква абвяшчае сваімі? Ну, а тырада пра РПЦ вартая апладысментаў: Пуцін публічна прызнаў, што ніякай «УПЦ МП» не існуе, а ва Украіне дзейнічае традыцыйны інструмент ідэалагічнага аддзела ЦК КПСС і КДБ СССР, створаны яшчэ Сталіным. А разам з гэтай праўдай — і хлусня: якая «забарона рускай мовы»?
Наступная частка маналога: «Не мы пачыналі гэтую вайну. Захад патураў і садзейнічаў, арганізаваў дзяржаўны пераварот ва Украіне. Пасля гэтага пачаліся падзеі ў Крыме, а потым пачаліся падзеі на паўднёвым усходзе тагачаснай Украіны, на Данбасе». Насамрэч дзяржаўны пераварот ва Украіне ў 2010 годзе здзейсніла каманда Віктара Януковіча (яго абралі з аднымі паўнамоцтвамі, а ён «арганізаваў» сабе іншыя, паставіўшы расійскіх генералаў на чале амаль усіх сілавых структур). І «падзеі ў Крыме» пачаліся 20 лютага 2014 года, калі Януковіч яшчэ сядзеў у Кіеве на Банкавай. Тыя «падзеі» былі арганізаваныя расійскімі баявікамі і агентурай Крамля, што, як кажуць, натарыяльна засведчана.
А Пуцін хлусіць далей: «Мы восем гадоў… спрабавалі вырашыць гэтыя пытанні мірным шляхам, падпісалі… Мінскія пагадненні, спадзеючыся, што ўдасца мірнымі сродкамі ўрэгуляваць гэтую праблему. Потым высветлілася, што заходнія лідары, яны сказалі пра гэта публічна, што яны і не збіраліся выконваць гэтыя Мінскія пагадненні, а падпісалі іх толькі для таго, каб даць магчымасць узброіцца Украіне і працягваць узброеную барацьбу ўжо з намі. Мы былі вымушаныя праз восем гадоў знішчэння людзей, якія пражываюць на Данбасе,… вымушаныя былі прызнаць гэтыя рэспублікі, па-першае, а па-другое, пачаць аказваць ім падтрымку. І наша спецыяльная ваенная аперацыя — гэта не пачатак вайны, а спроба яе скончыць. Скончыць вайну, якую Захад развязаў супраць нас рукамі ўкраінскіх нацыяналістаў… А скончым мы тады, калі дасягнем мэт, пастаўленых перад пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі, — вызвалім гэтыя тэрыторыі». Што ж, Гёбельс у параўнанні з Пуціным — малое дзіцё. «Мірным шляхам»? Загнаўшы на Данбас спачатку баявікоў Гіркіна, а затым рэгулярныя войскі? Тадышні прэзідэнт Францыі Аланд узгадваў пра Мінск-2: «Пуцін раптам выйшаў з сябе і пагражаў проста і поўнасцю раздушыць войскі свайго візаві (Парашэнкі). Гэта выглядала прызнаннем наяўнасці яго войскаў ва ўсходняй Украіне». І няўжо сфармаваныя яшчэ ў пачатку 2015 года на Данбасе 1-ы і 2-і армійскія карпусы з расійскай тэхнікай і расійскім афіцэрскім складам — гэта таксама нешта «мірнае»? Ну, а тэзіс, што «Захад развязаў супраць нас рукамі ўкраінскіх нацыяналістаў», разлічаны адкрыта на клінічных ідыётаў. Няўжо ў Індыі такіх паўмільярда?
Асобай увагі заслугоўваюць словы пра мэты «СВА». Мы памятаем, што на пачатку ўварвання Пуцін проста казаў пра зрынанне легітымнай украінскай улады і ўжо прывёз у Мінск Януковіча. Але не склалася, дык даводзіцца рабіць выгляд, што мэтай з'яўляецца «вызваліць гэтыя тэрыторыі». Якія менавіта «гэтыя»? І вось тут у нас сапраўдная дэтэктыўная гісторыя.
Прывяду інфармацыю агенцтва ТАСС на мове арыгінала: «Россия освободит Донбасс и Новороссию либо военным, либо другим путём. Об этом заявил президент РФ Владимир Путин в интервью телеканалу India Today в преддверии госвизита в Индию». Слова «Новороссия» вынесена і ў загаловак гэтай інфармацыі. Але ў апублікаваным на прэзідэнцкім партале Пуціна тэксце інтэрв'ю гэтага слова няма. Як і чаму? Падобна, тлумачэнне простае. Не магло дзяржаўнае агенцтва ТАСС (з яго партыйна-чэкісцкай радаслоўнай) нешта прыдумаць; відаць, Пуцін захапіўся і выдаў дзяржаўную таямніцу, якую з тэксту інтэрв'ю выдалілі, а з публікацыі ТАСС прыбраць не паспелі. Бо гэтак зв. «Наварасія» (гістарычныя землі Войска Запарожскага, Крымскага ханства, Малдаўскага княства і некалькі крэпасцяў Асманскай імперыі) ўключае ў сябе цяперашнія Запарожскую, Херсонскую, Мікалаеўскую, Дняпрапятроўскую, Адэскую і Кіраваградскую вобласці Украіны плюс Рэспубліку Малдова. Гэта азначае, што Расія плануе ваяваць і далей, і не толькі з Украінай. Вось гэта і трэба было ўтаіць.
Яшчэ раз: Пуцін не збіраецца спыняць вайну нават у выпадку, калі ўкраінскія войскі сыдуць з Данбаса.
А дзед Трамп няхай у каторы раз паўтарае мантру, што Пуцін, маўляў, хоча завяршыць вайну і вярнуцца да мірнага жыцця. Больш за тое: Трамп упэўнены, што ў яго першую кадэнцыю расійскай вайны супраць Украіны не было…
Вядома ж, у інтэрв'ю змяшчаецца і «гістарычная» частка. Там, як заўсёды ў Пуціна, поўная лухта: «Першая сталіца па гісторыі была ў раёне горада Ноўгарада, на паўночным захадзе. Потым адтуль дзяржаўнасць “перацякла” ў горад Вялікі Ноўгарад, а крыху пазней — у Кіеў. І вось гэта была Старажытная Русь». Кідаецца ў вочы, што Пуцін прытрымліваецца гэтак зв. «нарманскай тэорыі» паходжання Русі, то-бок настойвае на няздольнасці славянскага народа ствараць уласную дзяржаўнасць. І пры гэтым лічыць і Ноўгарад (двойчы знішчаны маскавітамі разам з насельніцтвам), і Кіеў «Расіяй». А далей, маўляў, Кіеў і прылеглая частка Русі, што апынулася пад уладай Польшчы, «у XVII стагоддзі папрасілася назад, у Расію». Э-э, куды гэта назад? Расія ж узнікла толькі ў XVIII стагоддзі! А да таго нават рубель быў маскоўскі, «рускага» не існавала…
Не стану разбіраць усю пуцінскую хлусню, адзначу два сюжэты. «Кіеўскі рэжым па сваёй ментальнасці сапраўды вельмі падобны да неанацысцкага рэжыму, бо крайняя форма нацыяналізму і неанацызм — гэта амаль адно і тое ж, гэта амаль роўныя паняцці». Э-э, насамрэч нацызм — гэта нацыянал-сацыялізм, а дзе ва Украіне сацыялізм? А вось у Германіі ён быў — пачытайце манаграфію пуцінскага зямляка з Піцера прафесара Алега Пенькова «Сацыялізм Гітлера», там усё распісана. І нарэшце: «Калі Украіна набыла сваю незалежнасць, — мала хто згадвае пра гэта — першы дакумент аб незалежнасці — гэта што, які дакумент? Дэкларацыя аб суверэнітэце, незалежнасці Украіны. І гэта база ўкраінскай незалежнасці, украінскай сучаснай дзяржаўнасці. І там напісана, што Украіна — гэта нейтральная дзяржава». Пуцін зноў адкрыта хлусіць. База ўкраінскай дзяржаўнасці — гэта Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны 24 жніўня 1991 года, пацверджаны ўсебнародным рэферэндумам 1 снежня 1991 года, а затым увасоблены ў Канстытуцыі Украіны. А Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце стала адной з прыступак на шляху да незалежнасці Украіны. А пра нейтралітэт там сказана наступнае: «Украінская ССР урачыста абвяшчае пра сваё намер стаць у будучыні пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не ўдзельнічае ў ваенных блоках і прытрымліваецца трох бяз'ядзерных прынцыпаў: не прымаць, не вырабляць і не набываць ядзерную зброю». Звярнулі ўвагу? Не Украіна, а Украінская ССР (пакажыце яе на карце свету!), і УССР — не «нейтральная дзяржава», а ўтварэнне, якое мае намер стаць нейтральным. А намер і яго рэалізацыя далёка не заўсёды супадаюць, ці не так? Вунь Гітлер меў намер заваяваць паўсвету, а другую палову аддаць саюзнікам — і як?
А ў завяршэнне — яшчэ адна цікавая дэталь. Нам распавядалі, што 28 пунктаў расійска-амерыканскага «мірнага плана» (які не з'яўляецца ні мірным, ні планам) украінскім перамоўцам удалося скараціць да 19 ці 20. А паводле слоў Пуціна, ніякага скарачэння не было: «Проста яны (амерыканцы) разбілі гэтыя 28, потым 27 пунктаў на чатыры пакеты і прапанавалі абмяркоўваць гэтыя чатыры пакеты. Але па сутнасці, гэта тыя ж 27 пунктаў». Калі гэта праўда, то ЗША адкрыта «злілі» Украіну, калі не — дык як афіцыйны Вашынгтон можа мець справу з такім хлусам геапалітычнага маштабу?
Ну, а цяперашняй Індыі, падобна, менавіта такі Пуцін і патрэбны…
Сяргей Грабоўскі, «Обозреватель»